2017-01-10 11:59:00

Кардынал-прэфект: не будзе карэкцыі „Amoris laetitia”


Не будзе карэкцыі Апостальскай адгартацыі „Amoris laetitia”, таму што няма ніякай небяспекі для веры, такое меркаванне прагучала з вуснаў прэфекта Кангрэгацыі Веравучэння, кардынала Герхарда Людвіга Мюлера. Ён таксама раскрытыкаваў факт публікацыі ліста чатырох кардыналаў, у якім яны патрабавалі інтэрпрэтацыі некалькіх пунктаў папскага дакумента адносна сакрамэнтаў для тых, хто пасля разводу ўступіў у новыя грамадзянскія саюзы.

Крыху больш, чым праз месяц пасля адпраўкі ліста на імя Францішка, кардыналы Вальтэр Брандмюлер, Рэйманд Лео Бёрк, Карла Кафара і Ёахім Майснэр апублікавалі яго ў сродках масавай інфармацыі. 

У інтэрв’ю інтэрнэт-часопісу “Tgcom24” кардынал Мюлер прызнаў, што кардыналы маюць права напісаць ліст да Папы. “Але я быў здзіўлены тым, што ён быў апублікаваны, прымушаючы Пантыфіка сказаць “так” ці “не”. Мне гэта не падабаецца”, - сказаў прэфект Кангрэгацыі Веравучэння. На яго думку, “магчымая братэрская карэкцыя” вучэння Папы з’яўляецца пытаннем далёкім. “Гэта не магчыма на дадзены момант, таму што гаворка ідзе не пра пагрозу для веры, як гэта акрэсліў св. Тамаш Аквінскі”, - лічыць ватыканскі іерарх.

“Лічу, што публічнае абмеркаванне гэтых пытанняў прыносіць вялікую шкоду Касцёлу. Вучэнне „Amoris laetitia” вельмі яснае”, - сказаў кардынал-прэфект. Ён растлумачыў, што Францішак “просіць аб распазнанні становішча тых людзей, якія жывуць у нерэгулярных, інакш кажучы, несумяшчальных з вучэннем Касцёла саюзах, і просіць дапамагчы ім знайсці шлях новага ўключэння ў Касцёл, у адпаведнасці з умовамі прыняцця сакрамэнтаў, хрысціянскім пасланнем сужэнства. Я не бачу ніякай супярэчнасці: з аднаго боку, мы маем яснае вучэнне аб сужэнстве, з другога – абавязак Касцёла, займацца людзьмі, якія знаходзяцца ў цяжкасцях”, - лічыць іерарх.

У лісце, складзеным у класічнай форме просьбы аб растлумачэнні “dubia”, чатыры кардыналы просяць Францішка даць адназначны адказ на пытанні, якія ўзніклі пасля публікацыі “Amoris laetitia”, напрыклад, ці можна дапускаць да сакрамэнту пакаяння і св. Камуніі разведзеных, якія ўступілі ў новыя несакрамэнтальныя саюзы; ці з’яўляюцца маральныя нормы, якія забараняюць унутрана дрэнныя дзеянні (acta intrinsece mala), абсалютнымі і абавязваючымі без усялякіх выключэнняў; ці далей актуальна вучэнне, выкладзенае ў энцыкліцы Яна Паўла II “Veritatis splendor”, згодна з якім абставіны або намеры не могуць ператварыць унутрана дрэннае па свайму аб’екту дзеянне ў “суб’ектыўна” добрае.








All the contents on this site are copyrighted ©.