cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Мужчыны ў Касцёле: ці мужчынская справа – малітва?

Мужчыны ў Касцёле: ці мужчынская справа – малітва? - AFP

10/01/2017 10:25

У гомельскай парафіі Нараджэння Божай Маці па ініцыятыве пробашча ствараюць мужчынскую групу “Жывога Ружанца”. Такіх груп сярод жанчын у парафіі аж чатыры, а вось сярод мужчын – ніводнай. Гэта стала нагодай паразважаць аб праблеме ўдзелу мужчын у жыцці Касцёла, бо не сакрэт, што куды больш у святынях мы бачым жанчын. Ці мужчынская гэта справа – малітва, Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё распавядае гомельскі пробашч кс. Славамір Ласкоўскі.

“У маім сэрцы ёсць вялікай радасцю тое, што немалая колькасць мужчын удзельнічае ў жыцці нашай парафіі, гэта таксама адзначаюць нашы госці, якія прыязджаюць з іншых куткоў Беларусі. Калі па правільнай дарозе вядзеш евангелізацыю, яна даходзіць і да жанчын, і да мужчын, і да моладзі, і да дзяцей. Але вельмі важна, каб Касцёл не быў справай толькі жанчын, бо не такой ёсць задума Пана Бога. І з самага пачатку Езус паклікаў апосталаў – мужчын. Так, жанчыны таксама былі вакол Езуса, дапамагалі ў справе евангелізацыі, рабілі цудоўныя справы. Маем шмат святых жанчын, якія для жыцця Касцёла зрабілі шмат добрага. Жанчына сама па сабе мае сэрца больш адкрытае для Бога, і лягчэй за Хрыстом пацягнуць жанчыну, чым мужчыну. Але яны маюць розную харызму і дапаўняюць адно аднаго. Таму важна, каб у жыццё парафій было заангажавана больш мужчынаў”, - лічыць гомельскі пробашч.

Святар прапануе паглядзець на гісторыю збаўлення: Майсей быў пакліканы, каб вывесці народ з няволі егіпецкай, і калі была іх першая вялікая бітва з амалікіцянамі, бачым, што Майсей разам з Ааронам і Орам узыйшлі на гару, каб маліцца. Аарон і Ор падтрымлівалі рукі Майсея, і калі яны былі паднятымі, ізраільцяне перамагалі ворага. І ў нашым сучасным жыцці патрэбна, каб мужчыны ўвайшлі больш сур’ёзна ў сваё пакліканне быць адказнымі за жыццё Касцёла, сваіх сем’яў, за сваё жыццё – гэта ёсць у планах Божых. Пан хоча, каб мужчыны былі першымі на фронце барацьбы. І ўзрасталі не толькі ў пабожнасці, але ў першую чаргу ў веры – гэтаз'яўляецца задачай душпастыраў, перакананы святар.

Ён адзначыў, што важна, каб дзеці бачылі ў малітве сваіх айцоў, а не толькі мам. Бо фігура бацькі вельмі важная ў жыцці кожнага чалавека. Моцны айцец ў веры – гэта скелет для чалавечай псіхікі. І мець перад вачыма такога айца, які вядзе цябе да Бога, паказвае, што мужчына не толькі працуе, шукае грошы, але ў першую чаргу абараняе сваю сям’ю ад “амалікіцянаў” – дэмана, адказвае за духоўнае жыццё сям’і – гэта цудоўны скарб.

Разважаючы аб праблеме, чаму мужчыны не такія актыўныя ў Касцёле, кс. Славамір называе адну з праблемаў, якую ён бачыць пасля 25 гадоў служэння ў Беларусі: жанчыны ўзялі ў свае рукі справы мужчынаў. І гэта, напэўна, праблема ўсяго постсавецкага грамадства: пераблытаныя ролі мужчыны і жанчыны. У тым ліку і многія парафіянкі ставяцца да сваіх сужонкаў, як да некага старонняга, які жыве сам па сабе і не здатны да малітоўнага жыцця. А жанчынам трэба клікаць сваіх сужонкаў у Касцёл. 

“Бачу, што многія жанчыны не перажываюць у сваім сэрцы гэтай трагедыі, што мой муж не са мной у Касцёле, і лічаць малітоўнае жыццё жаночай справай. Але мудрая жанчына, жонка, маці кожны дзень будзе пакорна прасіць у малітве Бога, каб яе муж, айцец яе дзяцей разам з ёю ішоў да касцёла і жыў справамі веры. Магчыма, некаторыя жанчыны не разумеюць важнасці гэтага пытання ў яе жыцці і жыцці яе дзяцей – каб муж быў у Касцёле. Таму трэба шмат аб гэтым гаварыць, каб сэрцы жанчын былі больш мяккімі для сужонкаў і каб яны больш сур’ёзна падыйшлі да хрысціянскага разумення сямейнага жыцця: бацька, маці, дзеці – усе разам яны складаюць сям’ю, а не тое што маці – добрая, а бацька займаецца нейкімі благімі справамі, бо часта пра бацьку ў сям’і складаецца негатыўнае мысленне. Калі жанчына – сапраўдная хрысціянка, яе сэрца будзе падобным да сэрца Маці Божай, якая пакорна паддалася апецы святога Юзафа, якая была пакорная волі Божай і разумела Божыя справы – што без асобы айца не магчыма выхаваць будучага Месію ў чалавечым сэнсе. Таму Пан Бог абраў свой шлях праз сям’ю, дзе ёсць і маці, і бацька”, - патлумачыў святар.

Але і тым мужчынам, якія ўжо ходзяць да Касцёла, патрэбна прабудзіцца для таго, каб быць больш адказнымі, адзначыў шматгадовы гомельскі пробашч. Каб яны таксама сталі прыкладам і для жанчын, і каб тыя бачылі, што сям’я можа быць у Касцёле разам.

Кс. Славамір заўважыў, што ў кожнай парафіі долі мужчынаў і жанчынаў розныя, але, напрыклад, у суседняй Польшчы ў цэлым у жыцці Касцёла ўдзельнічае больш мужчынаў. У гэтым плане важна, як працуюць святары, якія маюць прыярытэты ў душпастырстве. Сам душпастыр імкнецца прыцягваць у Касцёл мужчын праз свой асабісты прыклад: “Калі ты сам мужчына, то іншыя мужчыны ідуць за табой. Не трэба баяцца мець мужчынскі характар, хоць ты і святар, і, калі трэба, па-мужчынску нешта сказаць ці зрабіць. І калі ўжо ёсць у парафіі нейкая групка мужчын, то многія з іх маюць добры ўплыў на сваіх знаёмых і вядуць за сабою: праз свой прыклад паказваюць, як добра быць з Хрыстом, маліцца і прымаць сакрамэнты, што гэта дапамагае мець сапраўды мужчынскі характар. Калегі бачаць, што ў працы такі мужчына мае больш сур’ёзны падыход, ён верны муж, не цягне калег да бутэлькі, не крадзе, паказвае прынцыпы жыцця па Божых запаведзях. І ў цэлым, як можна змяніць сітуацыю ў краіне – нічога  не дапаможа, калі не зменіцца сэрца чалавека. Таму таксама патрэбна, каб нашы мужчыны былі апосталамі”.

А малітва і мужчынаў, і жанчынаў не павінна быць вузкай, гаворыць кс. Славамір. Задума Бога ў тым, каб наша сэрца было больш шырокім, каб мы бачылі Касцёл у цэлым і жылі жыццём Паўсюднага Касцёла. Вельмі добра, калі молімся аб нашых малых справах, але планы Божыя вельмі шырокія, і таму важна таксама маліцца за Касцёл у Кітаі, у Паўночнай Карэі, за нашых братоў-хрысціянаў, якіх пераследуюць у Пакістане, у іншых краінах, за справу евангелізацыі ў Еўропе. Бог даў нам мільёны мусульман у Еўропе, каб несці ім Добрую Вестку. Не трэба іх баяцца, але выйсці да іх з Евангеллем. Мы адказныя за тых, хто прыехаў у наш дом, рэзюмуе святар і прыводзіць прыклады шырокіх мэтаў мужчынскай малітвы.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.


10/01/2017 10:25