2017-01-13 11:33:00

Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе сустрэўся з Папам


Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Беларусь пры Святым Пасадзе знаходзіўся на гэтым тыдні з візітам у Ватыкане. Сяргей Алейнік прыняў удзел у аўдыенцыі, якую Папа даў у Ватыкане для дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы. Падчас яе адбылася кароткая размова беларускага пасла з Пантыфікам, паведамляецца на сайце МЗС Беларусі.

У рамках паездкі, якая працягвалася з 9 па 12 студзеня 2017 г., спадар Алейнік сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам і сакратаром па адносінах Святога Пасаду з дзяржавамі, арцыбіскупам Полам Рычардам Галахерам. Былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага супрацоўніцтва, уключаючы ход рэалізацыі дамоўленасцяў, дасягнутых падчас афіцыйнага візіту Прэзідэнта Беларусі ў Ватыкан у маі 2016 г.

Пасол Беларусі пры Святым Пасадзе таксама правёў сустрэчы з дырэктарам Ватыканскіх музеяў Барбарай Ята і прэфектам Ватыканскай апостальскай бібліятэкі Чэзарэ Пасіні, у рамках якіх былі разгледжаны крокі па далейшым развіцці ўзаемадзеяння ў галіне культуры.








All the contents on this site are copyrighted ©.