2017-01-14 09:57:00

Беатыфікацыя біскупа Матулёніса пройдзе летам у Вільнюсе


Беатыфікацыя былога дапаможнага біскупа Магілёўскай дыяцэзіі Тэафілюса Матулёніса пройдзе 25 чэрвеня 2017 г. у Вільнюсе. Цырымонію ўзначаліць прэфект Кангрэгацыі па справах Кананізацыі кардынала Анджэла Амата. Гэта будзе першая ў гісторыі беатыфікацыя, якая пройдзе на тэрыторыі Літвы. 

Пастырскае служэнне біскупа Матулёніса блізка звязана з Беларуссю. Пасля атрымання прэзбітэрскага пасвячэння, у перыяд паміж 1900-1907 гг. ён працаваў у Варклянах, на Віцебшчыне, і Быхаве, на Магілёўшчыне.

Будучы благаслаўлёны валодаў некалькімі мовамі, у тым ліку беларускай, за што яго асабліва цанілі падчас служэння ў Пецяргургу, падкрэсліў у каментары для Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пастулятар беатыфікацыйнага працэсу біскупа Матулёніса, кс. Міндаўгас Сабоніс.

“Яго біёграф распавядае, што ён меў частыя кантакты з беларусамі, таму што ў яго парафіі было шмат людзей з Беларусі, якія размаўлялі па-беларуску. Ён сам навучыўся размаўляць па-беларуску, слухаў споведзь па-беларуску. Магчыма, па гэтай прычыне дыяцэзіяльны біскуп, які жыў у Пецярбургу, не жадаў, каб ён вярнуўся ў Літву. Ён размаўляў па-літоўску, па-нямецку, па-руску і па-беларуску. Ён быў “універсальным” святаром і яго цанілі ў Пецяргбургу за тое, што ён размаўляў на розных мовах”, - сказаў пастулятар.

Літоўскі епіскапат вырашыў падкрэсліць міжнацыянальны характар служэння біскупа Матулёніса і таму было вырашана, што на беатыфікацыю трэба запрасіць гасцей з усіх краін, у якіх яго лічаць “сваім”.

“Размаўляючы з нашым біскупам, мы вырашылі, што самая галоўная мэта – гэта запрасіць гасцей з рэгіёнаў, дзе працаваў біскуп Матулёніс, дзе ён бываў: з Беларусі, Расіі, Латвіі. Большую частку свайго жыцця Матулёніс правёў за межамі Літвы, таму, я думаю, было б слушна, калі б прыбыло як мага больш гасцей з іншых краін. Галоўная мэта – каб гэтае свята было не толькі святам для Літвы”, - сказаў кс. Міндаўгас Сабоніс.

Біскуп Тэафілюс Матулёніс нарадзіўся ў 1873 г. на тэрыторыі Укмергскага ўезда Літвы. Вучыўся ў Пецярбургскай духоўнай семінарыі. Значны перыяд свайго жыцця здзяйсняў душпастырскае служэнне ў горадзе на Няве. У 1923 г. святар быў упершыню арыштаваны і асуджаны на тры гады турэмнага зняволення. Пасля вызвалення працягнуў служэнне ў Пецярбургу. 

У 1928 г. быў таемна прызначаны дапаможным біскупам Магілёўскай архідыяцэзіі, аднак хутка быў паўторна арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Салавецкім лагеры асобага прызначэння, дзе вызначаўся асаблівай мужнасцю і нязломнасцю. 

У 1933 г. яго вызвалілі і выслалі ў Літву ў рамках абмену палітычнымі зняволенымі. У 1943 г. ён быў прызначаны біскупам Кайшадорыскай дыяцэзіі ў Літве, але пасля заканчэння Другой сусветнай вайны, у 1946 г., быў арыштаваны ў трэці раз і асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі, якія адбываў у сібірскіх лагерах і Уладзіміры. 

Вызвалены ў 1954 г., вярнуўся ў Літву, жыў у ізаляцыі ў Шэдуве. У лютым 1962 г. Ян ХХІІІ надаў яму годнасць арцыбіскупа, а праз некалькі месяцаў, 20 жніўня іерарх памёр. Беатыфікацыйны працэс арцыбіскупа Матулёніса працягваўся з 1990 г.








All the contents on this site are copyrighted ©.