2017-01-14 13:11:00

Святы Айцец прыняў Прэзідэнта Палестыны


Францішак прыняў на аўдыенцыі 14 студзеня 2017 г. Прэзідэнта Палестыны Махмуда Абаса. Затым палітык сустрэўся з кардыналам Дзяржсакратаром Пьетра Паралінам, якога суправаджаў сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі арцыбіскуп Пол Рычард Галахер.

У ходзе сардэчных перамоваў адзначаліся добрыя адносіны паміж Святым Пасадам і Палестынай, умацаваныя базавым пагадненнем, заключаным у 2015 г., адносна важных аспектаў жыцця і дзейнасці Каталіцкага Касцёла ў палестынскім грамадстве. У гэтым кантэксце ўзгадвалася пра ўнёсак католікаў на карысць спрыяння чалавечай годнасці і дапамогі самым патрабуючым, асабліва ў сферы адукацыі, аховы здароўя і дабрачыннасці.

Гаворка ішла таксама пра мірны працэс на Блізкім Усходзе. Выказвалася надзея на аднаўленне прамых перамоваў паміж бакамі дзеля спынення насілля, якое выклікае непрымальныя пакуты грамадзянскага насельніцтва, а таксама дзеля справядлівага і доўгатрывалага рашэння. З гэтай мэтай выказвалася пажаданне, каб пры дапамозе міжнароднай супольнасці, былі прадпрыняты меры па спрыянні ўзаемнаму даверу і стварэнні атмасферы, якая дазволіць прыняць мужныя рашэнні на карысць міру.

Адзначалася таксама важнасць захавання сакральнага характару святых месцаў для вернікаў усіх трох абрамічных рэлігій. Асаблівая ўвага звярталася на іншыя канфлікты, якія трываюць у рэгіёне.

Папа Францішак сустрэўся з Махмудам Абасам ужо ў пяты раз. Упершыню Прэзідэнт Палестыны наведаў Святога Айца ў Ватыкане ў кастрычніку 2013 г., а ўжо праз год – у маі 2014 г. – вітаў яго ў Бэтлееме. У чэрвені таго ж года, па запрашэнні Францішка, Абас і былы Прэзідэнта Ізраіля Шымон Перэс прыбылі ў Ватыкан для ўдзелу ў малітве за мір. Наступная сустрэча адбылася ў маі 2015 г. у Рыме з нагоды кананізацыі палестынскай манахіні. 

У 2016 г. Палестына адкрыла пасольства пры Святым Пасадзе, што стала вынікам базавага пагаднення, падпісанага 26 чэрвеня 2015 г. Першым у гісторыі паслом стаў 42-гадовы Іса Касісіех, былы намеснік кіраўніка бюро прэм’ер-міністра палестынскай адміністрацыі. 








All the contents on this site are copyrighted ©.