2017-01-16 12:51:00

Сусветны кангрэс Божай Міласэрнасці пачаўся ў Маніле


Сусветны апостальскі кангрэс Божай Міласэрнасці пачаўся ў сталіцы Філіпін, Маніле. Форум будзе праходзіць з 16 па 20 студзеня 2017 г. пад кіраўніцтвам спецыяльнага пасланніка папы Францішка – арцыбіскупа Ліёну кардынала Філіпа Барбарэна.

У лісце да французскага пурпурата Святы Айцец адзначыў яго асаблівы клопат аб бедных і патрабуючых рознай дапамогі. Папа выказаў пажаданне, каб удзельнікі кангрэса спаўнялі запаведзь любові да бліжняга, аднаўлялі духоўнае жыццё ў сем’ях, парафіях і манаскіх супольнасцях, а таксама садзейнічалі пашырэнню знаёмства з Божай міласэрнасцю. 

Напярэдадні форума кардынал Барбарэн заўважыў, што дзякуючы Юбілейнаму Году Міласэрнасці, які нядаўна прайшоў у Касцёле слова “міласэрнасць” стала часцей гучаць з вуснаў хрысціян. Вернікі зразумелі, што яно займае цэнтральнае месца ў Бібліі, пачынаючы ад кнігі Зыходу, дзе Бог пачуў вокліч свайго народу ў егіпецкай няволі і сышоў, каб яго збавіць, аж да прыпавесці пра Добрага Самараніна, якая абагульняе ўсю місію Езуса, а для нас, Ягоных вучняў, з’яўляецца прыкладам, за якім трэба ісці. 

Арцыбіскуп Ліёну заўважыў, што ў Евангеллях прысутнічае каля 40 прыпавесцяў, але самымі любімымі ў людзей з’яўляюцца дзве: пра Добрага Самараніна і блуднага сына – дзве вялікія прыпавесці аб міласэрнасці.

Ідэя кангрэсаў Божай міласэрнасці нарадзілася пасля смерці св. Яна Паўла ІІ сярод яго паплечнікаў-кардыналаў: польскага – Станіслава Дзівіша, літоўскага – Аўдрыса Бачкіса, філіпінскага – Луіса Антоніа Тагле і французскага – Жана-Луі Таран. 

Сусветны апостальскі кангрэс у Маніле стане ўжо чацвёртым. Першы быў праведзены ў 2008 г. у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране, другі – у Кракаве ў 2011 г, а трэцці – у Багаце ў 2014 г. Акрамя таго форумы праводзяцца на кантынентальным і нацыянальным узроўнях.








All the contents on this site are copyrighted ©.