2017-01-16 11:45:00

Францішак супраць пляткарства ў парафіях


Сведчыць аб Езусе прыкладам хрысціянскага жыцця, канкрэтнымі ўчынкамі і без пляткарства, заклікаў папа Францішак вернікаў парафіі Санта-Марыя-а-Сэттэвілле, у італьянскім горадзе Гуідонія-Монтэчэльё. Пантыфік наведаў яе вечарам 15 студзеня 2017 г. з пастырскімі візітам.

Спачатку Святы Айцец памаліўся разам з мясцовым святаром, 47-гадовым кс. Джузэпэ Бэрардзіна, паралізаваным ужо на працягу двух гадоў. Затым ён сустрэўся з парафіяльнай моладзю і дзецьмі. Францішак распавёў ім, што галоўным чынам вера перадаецца праз сведчанне, а не паўтарэнне словаў. 

“Калі маем сябра, сяброўку, якія не вераць, не трэба казаць ім: “Ты павінен верыць таму, таму і таму...” і тлумачыць усё. Так не трэба рабіць! Гэта называецца празелітызмам, а мы хрысціяне ім не павінны займацца. Што ж тады рабіць? Калі нельга тлумачыць, што я павінен рабіць? Жыць такім чынам, каб ён ці яна спыталіся ў мяне: “Чаму ты жывеш так? Чаму робіш так?” І тут так, трэба тлумачыць”, - падзяліўся Папа і дадаў, што сведчанне даецца “словамі, сэрцам і рукамі”.

Падчас сустрэчы з парафіяльнымі актывістамі Святы Айцец заклікаў іх захоўваць веру нават у моманты выпрабаванняў. Папа прызнаўся, што 
і сам часам “крочыў у цемры веры”. “Паважай цемру ў душы. Пазней Пан абудзіць веру. Вера – гэта дар Пана. Нам трэба толькі захоўваць яго. Нельга навучыцца мець веру: вера прымаецца як дар”, - сказаў ён.

Падчас сустрэчы з хворымі, Францішак заўважыў, што нават перад абліччам рэчаў, якія немагчыма патлумачыць, важна памятаць, што Езус захацеў быць блізка да людзей таксама і ў пакутах.

Кульмінацыяй пастырскага візіту Францішка стала Эўхарыстыя, якую ён узначаліў у мясцовым касцёле. Перад гэтым Папа паспавядаў некалькі чалавек. У сваёй гаміліі Пантыфік заўважыў, што парафія становіцца няздольнай даваць хрысціянскае сведчанне, калі ў ёй прысутнічаюць плёткі. Святы Айцец адзначыў, што апосталы ніколі не гаварылі кепска адзін пра аднаго.

“Хочаце мець дасканалую парафію? Тады ніякіх плётак! Калі маеш штосьці супраць кагосьці, ідзі і распавядзі яму ў твар або скажы пробашчу. Але ніколі паміж сабой! Гэта будзе знакам таго, што Святы Дух прысутнічае ў парафіі”, - сказаў Папа.

Перш чым пакінуць Гуідонію-Монтэчэльё Пантыфік прывітаў вернікаў, якія чакалі яго на вуліцы перад касцёлам і пажадаў мясцовым жыхарам міру і Божага благаслаўлення.








All the contents on this site are copyrighted ©.