2017-01-17 12:32:00

Біскупы Ірландыі з візітам “ad limina”


У Ватыкане пачаўся візіт “ad limina Apostolorum” ірландскіх біскупаў. 20 студзеня 2017 г. іерархі сустрэнуцца са Святым Айцом і кіраўнікамі дыкастэрый Рымскай курыі, каб абмеркаваць сітуацыю Касцёла ў краіне. Па прыбыцці ў Рым пастыры 26 ірландскіх дыяцэзій сабраліся на супольную Эўхарыстыю ля магілы св. Пятра ў ватыканскай базыліцы. Літургію ўзначаліў арцыбіскуп Армы Іман Марцін, прымас Ірландыі.

“Мы ўсведамляем ціск і барацьбу, якія раздзіраюць наш народ. Мы ведаем, што ўнутраная барацьба можа разбурыць гармонію, што ваўкі часам нападаюць на статак, і што цяжкая адказнасць кропату аб іх кладзецца на нашы плечы. Але калі б усё гэта давялося несці толькі нам, то ў душы мы ведаем, што як пастыры, мы непазбежна б пацярпелі паразу, статак бы разбегся, а еднасць была б парушана. Але гэта не так. Тут, каля магілы св. Пятра, мы знаходзім суцяшэнне ў тым, што Пан выбраў Пятра і маліўся за яго”, - сказаў ірландскі іерарх у інтэрв’ю агенцтву “SIR”.

Арцыбіскуп Марцін заклікаў сваіх братоў у біскупстве асаблівым чынам маліцца ў інтэнцыі ірландскіх святароў. “Нас усіх хвалюе іх служэнне і дабрабыт. Мы ўсведамляем, што іх становіцца ўсё менш, што павялічваецца аб’ём працы і што душпастырскія сітуацыі становяцца ўсё складаней. Сёння мы дзякуем Богу за іх руплівасць, самаахвярнасць і велікадушнасць”, - сказаў іерарх. 








All the contents on this site are copyrighted ©.