2017-01-20 13:20:00

Папскі хор выступіць разам з англіканскім


Папская музычная Сікстынская капэла і хор Вэстмінстэрскага абацтва разам праспяваюць у рамках Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Музычныя калектывы ўпрыгожаць сваім спевам дзве важныя падзеі, якія пройдуць у Рыме, паведаміла 20 студзеня 2017 г. Зала Друку Апостальскай Сталіцы. 

24 студзеня 2017 г. адбудзецца іх сумесны канцэрт у рымскай базыліцы св. Яна на Латэране. Прыхільнікі духоўнай музыкі атрымаюць цудоўную магчымасць пачуць два хоры, “паяднаныя глыбокім пошукам, а таксама гістарычнай і мастацкай вартасцю абсалютнага міжнароднага значэння”, гаворыцца ў спецыяльным камюніке.

Акрамя таго, калектывы будуць упрыгожваць спевам малітву Нешпараў у базыліцы св. Паўла за Мурамі, якую ўзначаліць папа Францішак. Яна пройдзе 25 студзеня 2017 г. на заканчэнне Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Па традыцыі ў ёй прымаюць удзел прадстаўнікі розных хрысціянскіх канфесій.

Супрацоўніцтва Папскай музычнай Сікстынскай капэлы і хору Вэстмінстэрскага абацтва пачалося падчас візіту Бэнэдыкта XVI у Вялікабрытанію ў 2010 г. Яно з’яўляецца важным для экуменічнага шляху, які знаходзіць канкрэтныя шляхі да адзінства праз музыку.








All the contents on this site are copyrighted ©.