2017-01-21 16:19:00

Папа да дамініканаў: несці Евангелле "ліквіднаму грамадству"


Абвяшчаць Евангелле ў “ліквідным грамадстве” заклікаў папа Францішак членаў Ордэна дамініканаў. Вечарам 21 студзеня 2017 г. Пантыфік узначаліў Эўхарыстыю з нагоды завяршэння святкавання 800-годдзя гэтай манаскай супольнасці. Літургія прайшла ў рымскай базыліцы св. Яна на Латэране.

У сваёй гаміліі Папа заўважыў, што св. Павел абвяшчаў Евангелле пасярод сапраўднага “карнавалу марнай цікавасці”: сярод мноства людзей, якія шукалі новых “настаўнікаў”, “баек”, розных навучанняў і ідэалогій. “Ужо тады, два тысячагоддзі таму, апосталы Евангелля знаходзіліся перад абліччам гэтага сцэнарыя, які перад нашымі вачыма вельмі развіўся і глабалізаваўся”, - лічыць Пантыфік. Уласцівае чалавеку імкненне пошуку новага знаходзіць ідэальнае асяроддзе ў сучасным “грамадстве ілюзій”, у спажывецтве, у "ліквідным грамадстве", якое пазбаўлена раўнавагі, стабільных кропак апоры і пазначана культурай “выкарыстай і выкінь”. 

“Пасярод гэтага мінулага і сучаснага “карнавалу”, вось адказ Езуса і Касцёла, вось моцная апора пасярод “ліквіднага” асяроддзя: добрыя справы, якія можам рабіць дзякуючы Хрысту і Ягонаму Святому Духу, і якія нараджаюць у сэрцы падзяку Богу Айцу, хвалу, ці прынамсі захапленне і пытанне: “чаму?”, “чаму гэты чалавек дзейнічае так?”: неспакой свету перад абліччам сведчання Евангелля”, - падкрэсліў Пантыфік.

Каб гэты “штуршок” адбыўся трэба, каб соль не згубіла смак, а святло не хавалася. “Езус пра гэта кажа ясна: калі соль згубіць смак, яна ўжо ні на што не прыдасца. Бяда солі, якая згубіць смак! Бяда Касцёлу, які сгубіць смак! Бяда святарам, кансэкраванай асобе, кангрэгацыі, якая згубіць смак!”, - сцвердзіў Пантыфік.

“Сёння мы славім Пана за справу, якую св. Дамінік, напоўнены святлом і соллю Хрыста, здзейсніў 800 гадоў таму; справу служэння Евангеллю, якое абвяшчаецца словам і жыццём; справу, якая моцай Святога Духа, дапамагла мноству мужчын і жанчын не згубіцца пасярод “карнавалу” марнай цікавасці, але дазволіла ім адчуць смак здаровага навучання, смак Евангелля, і стаць, у сваю чаргу, святлом і соллю, будаўнікамі добрых справаў... і сапраўднымі братамі і сёстрамі, якія праслаўляюць Бога і вучаць славіць Бога добрымі жыццёвым справамі”, - закончыў сваю гамілію Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.