2017-01-25 12:34:00

СДМ у Панаме: марыйная тэматыка і экуменічны акцэнт


Сусветныя дні моладзі ў Панаме будуць мець важнай значэнне для ўсёй Цэнтральнай Амерыкі, перакананы прэфект Дыкастэрыі па справах свецкіх сям’і і жыцця. Кардынал Кэвін Фарэл падзяліўся думкамі аб будучым форуме ў інтэрв’ю ватыканскай газеце “L’Osservatore Romano”.

Іерарх заўважыў, што ўпершыню ў гісторыі “трохгадовы шлях Сусветных дзён моладзі, які закончыцца міжнародным святкаваннем падзеі, мае марыйную тэматыку”. Гэта “падкрэсліць прысутнасць Маці Божай у жыцці моладзі, і ў першую чаргу, у веры і пабожнасці народаў Цэнтральнай Амерыкі”, лічыць ён.

Прэфект прызнаўся, што выбар Панамы месцам правядзення будучага форума падтрымалі епіскапаты ўсіх суседніх краін. Панама адыгрывае адмысловую ролю ў рэгіёне, бо адсюль Евангелле пачало пранікаць на амерыканскі кантынент. Першая дыяцэзія ў мацерыковай частцы Амерыкі была заснавана ў 1513 г. менавіта на тэрыторыі гэтай краіны.

Ватыканскі іерарх станоўча ўспрыняў ідэю запрасіць на Сусветныя дні моладзі юнакоў і дзяўчат іншых канфесій. Гэта заўсёды рабілася, заўважыў ён, але ў амерыканскім кантэксце гэты заклік можа мець большае значэнне і стаць адказам Каталіцкага Касцёла на выклік празелітызму з боку сектаў.

Каментуючы рашэнне аб правядзенні Сусветных дзён моладзі ў студзені – у перыяд інтэнсіўнай вучобы для студэнтаў з Еўропы і ЗША – кардынал Фарэл заўважыў, што форум не ўпершыню пройдзе ў гэты час. Зімой 1995 г. таксама праводзіліся Сусветныя дні моладзі ў Маніле, якія сталі самымі масавымі ў гісторыі. 

Сусветныя дні моладзі ў Панаме пройдуць 22-27 студзеня 2019 г. Пры выбары даты правядзення форума галоўным чынам улічваліся кліматычныя асаблівасці рэгіёну. У звычайную для правядзення Дзён пару ў гэтай краіне – сезон дажджоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.