2017-01-25 13:08:00

58 гадоў таму абвясцілі аб скліканні ІІ Ватыканскага Сабору


58 гадоў таму, 25 студзеня 1959 г., Ян XXIII, у базыліцы святога Паўла за Мурамі, абвясціў аб скліканні Другога Ватыканскага Сабору. Гэта адбылося праз 3 месяцы пасля яго абрання на папскі пасад. 

Ужо 17 мая таго ж года была ўтворана перадпадрыхтоўчая камісія. Пантыфік заклікаў біскупаў, манаскія кангрэгацыі, універсітэты і іншыя структуры Каталіцкага Касцёла да шырокага ўдзелу ў вызначэнні праблем, якія патрабуюць саборнага абмеркавання. Яшчэ праз месяц Ян XXIII выпусціў энцыкліку “Ad Petri Cathedram”, у якой коратка пазначыў мэты будучай асамблеі: развіццё каталіцкай веры, абнаўленне (aggiornamento) хрысціянскага жыцця, адпаведнасць касцёльнай дысцыпліны патрэбам часу.

За год у перадпадрыхтоўчую камісію паступіла больш за 3 тыс. адказаў і прапаноў. Летам 1960 г. яна была ператворана ў падрыхтоўчую камісію, узначаліў якую сам Пантыфік. 

11 кастрычніка 1962 г. адбылося ўрачыстае адкрыццё Другога Ватыканскага Сабора, на якім прысутнічалі 2540 удзельнікаў, а таксама назіральнікі ад іншых хрысціянскіх Цэркваў. Было запрошана каля 300 экспертаў, якія прымалі ўдзел у якасці кансультантаў і рэдактараў дакументаў. Выступленне Яна ХХІІІ на ўрачыстым адкрыцці зрабіла моцнае ўражанне на палітыкаў і назіральнікаў аптымізмам і духам надзеі ў момант небяспечнага Карыбскага крызісу, калі свет стаяў на мяжы ядзернай вайны.

Першая сесія асамблеі працягвалася амаль месяц. На ёй абмяркоўваліся праекты дакументаў аб Касцёле, Аб’яўленні, сродках масавай камунікацыі і шэраг іншых.

Цырымонія закрыцця Другога Ватыканскага Сабора адбылася 8 снежня 1965 г. на плошчы перад базылікай святога Пятра, але ўжо без удзелу Яна ХХІІІ, памерлага падчас трывання асамблеі, 3 чэрвеня 1963 г. Яе ўзначаліў яго наступнік, папа Павел VI.








All the contents on this site are copyrighted ©.