2017-01-25 15:23:00

Папа ўзначаліць экуменічную малітву аб еднасці хрысціян


Францішак узначаліць урачыстыя Нешпары ў рымскай базыліцы св. Паўла за Мурамі з нагоды заканчэння Тыдня малітваў аб еднасці хрысціян. Яна пройдзе вечарам 25 студзеня 2017 г., у свята навяртання апостала Паўла.

У сёлетнім набажэнстве прымуць удзел дэлегаты розных хрысціянскіх Цэркваў і супольнасцяў, у тым ліку: Мітрапаліт Італьянскі Генадзій (Зервас), у якасці прадстаўніка Канстантынопальскага Патрыярхата, і епіскап Дэвід Моксан, прадстаўнік Архіепіскапа Кентэрберыйскага пры Апостальскай Сталіцы і кіраўнік Англіканскага цэнтра ў Рыме. 

Удзельнікі сустрэчы памоляцца аб аздараўленні ранаў і падзелаў, якія працягваюць існаваць паміж вучнямі Хрыста, а таксама будуць прасіць Бога аб абароне хрысціян, якія падвяргаюцца пераследу. Папская музычная Сікстынская капэла і хор Вэстмінстэрскага абацтва ўпрыгожаць малітву спевам.

Тыдзень малітваў аб еднасці хрысціян праходзіць штогадова з 18 па 25 студзеня. У яго рамках вернікі розных канфесій ва ўсім свеце збіраюцца разам на экуменічных набажэнствах, малітвах, канферэнцыях, канцэртах і іншых мерапрыемствах. Сёлета тэксты для экуменічнай малітвы падрыхтавалі хрысціяне Германіі.








All the contents on this site are copyrighted ©.