2017-01-25 11:30:00

Святы Айцец: не трэба ставіць умоваў перад Богам


Ніколі не ставіць перад Богам умоваў, але дазволіць, каб надзея перамагла нашы страхі, заклікаў Францішак 25 студзеня 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Працягваючы цыкл катэхез аб хрысціянскай надзеі, Святы Айцец звярнуў увагу вернікаў на прыклад Юдыты – “вялікай гераіні” ізраільскага народа.

Папа нагадаў біблійную гісторыю пра сітуацыю жыхароў юдэйскага горада Бэтулія, абкладзенага войскамі бабілонскага караля Навухаданосара. Пазбаўленыя доступу да пітной вады ізраільцяне пачалі губляць давер да Бога і думалі здацца ў рукі ворага. 

Тады кіраўнікі народу прапанавалі даць Богу яшчэ пяць дзён на збаўчае ўмяшанне. У гэты момант з’явілася Юдыта, якая заклікала давяраць Пану, нагадаў Папа. Яна была пераканана, што Бог выратуе свой народ, а прапанова пяці дзён з’яўляецца Яго спакушэннем і ўхіленнем ад Яго волі.

“Ніколі не будзем ставіць перад Богам умоваў, але дазволім, каб надзея перамагла нашы страхі. Давяраць Богу, значыць уваходзіць у Яго задумы без прэтэнзій, нават прымаючы тое, што Яго збаўленне і Яго дапамога прыйдуць да нас не так, як мы гэтага чакаем. Мы просім у Пана жыцця, здароўя, любові, шчасця. Рабіць гэта правільна, але ўсведамляючы, што Бог здольны выцягнуць жыццё нават са смерці, што можна сустрэць спакой нават у хваробе, і што спакой магчымы нават у адзіноце, а шчасце ў плачы. Не нам вучыць Бога таму, што трэба рабіць, у чым маем патрэбу. Ён ведае пра гэта лепш за нас, і мы павінны даверыцца Яму, бо Ягоныя шляхі і думкі адрозныя ад нашых”, - сказаў Пантыфік.

Францішак заклікаў вучыцца ад Юдыты таму, як трэба дзейнічаць, захоўваючы давер да Бога і Яго дабрыні. 

“Шлях, які нам указвае Юдыта – гэта шлях даверу, чакання міру, малітвы і паслухмянасці. Гэта шлях надзеі. Не здаючыся з лёгкасцю, робячы ўсё, што ў нашых сілах, але заўсёды застаючыся ў каляіне волі Пана (...).  Юдыта, насамрэч, мела свой план, паспяхова яго рэалізавала і прывяла народ да перамогі, але заўсёды з верай чалавека, які прымае ўсё, што паходзіць з рук Божых, з упэўненасцю ў Ягонай дабрыні”, - сказаў Пантыфік.

Напрыканцы сваёй катэхезы Папа заклікаў прыслухоўвацца да парадаў пажылых людзей, якія ў пакутах навучыліся давяраць Богу. 

“Так, поўная веры і адвагі жанчына перадае сілу свайму народу перад абліччам смяротнай небяспекі і вядзе на шляхі надзеі, указваючы іх таксама і нам. А мы, калі крыху прыгадаем, колькі разоў чулі мудрыя, адважныя словы ад пакорных людзей, ад пакорных жанчын, якіх, магчыма, хтосьці – без пагарды – лічыў непісьменнымі... Але гэта мудрыя Божыя словы! Словы бабуль... Колькі разоў бабулі нам кажуць слушныя словы, словы надзеі, бо маюць жыццёвы досвед, шмат пакутавалі, даверыліся Богу і Пан надзяліў іх дарам давання парадаў надзеі. Ідучы гэтымі шляхамі, пасхальнай радасцю і святлом стане давер да Пана са словамі Езуса: “Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца”. Гэта малітва мудрасці, даверу і надзеі”, - адзначыў Пантыфік.

Вітаючы прысутных на аўдыенцыі вернікаў, Папа нагадаў, што 25 студзеня ў Каталіцкім Касцёле адзначаецца свята навяртання св. Паўла. Ён заклікаў моладзь, па прыкладзе Апостала Народаў станавіцца місійнымі вучнямі, хворых папрасіў ахвяраваць свае пакуты за адзінства хрысціян, а сужонкаў – прызнаваць першаснасць Бога і Яго любові ў сваім сямейным жыцці.








All the contents on this site are copyrighted ©.