2017-01-26 12:49:00

Ватыканскія музеі дапамогуць Касцёлу ў цэнтральнай Італіі


Ватыканскія музеі бясплатна адрэстаўруюць некалькі мастацкіх твораў з італьянскай дыяцэзіі Спалета-Норча, якія былі пашкоджаны ў выніку нядаўняга землятрусу ў цэнтральнай частцы краіны. Ініцыятыва была зацверджана папам Францішкам і Губернатарам Дзяржавы Ватыкан.

25 студзеня 2017 г. новы дырэктар Ватыканскіх музеяў Барбара Ята, у суправаджэнні некалькіх рэстаўратараў з папскіх майстэрняў, здзейніла візіт у пацярпелы рэгіён. Яна наведала сховішчы Міністэрства культурнай спадчыны, культурнай дзейнасці і турызма Італіі ў Спалета, дзе былі сабраны мастацкія творы з разрубаных землятрусам касцёлаў.

Разам з мясцовымі спецыялістамі і прадстаўнікамі дыяцэзіі імі былі выбраны восем аб’ектаў, якія ў першыя дні лютага адправяцца на рэстаўрацыю ў Ватыкан. Адзін з іх – пінакль з базылікі св. Бэнэдыкта – ўжо знаходзіцца тут і нядаўна выстаўляўся на плошчы св. Пятра, побач з яслямі Божага Нараджэння.

Плануецца, што пасля рэстаўрацыі аб’екты з’явяцца на выставе адноўленых пасля землятрусу твораў мастацтва, а затым будуць вернуты ў храмы.“Гэтыя творы вернуцца ў касцёлы, для якіх былі зроблены, пасля таго, як апошнія будуць адбудаваны або адрэстаўраваны і стануць бяспечнымі. Ніхто не зацікаўлены, каб гэтыя пярліны веры і мастацтва засталіся закрытымі ў сховішчах”, - падкрэсліў пастыр дыяцэзіі Спалета-Норча, арцыбіскуп Рэната Бакарда.

У цэнтральнай частцы Італіі з канца жніўня 2016 г. працягваюцца падземныя штуршкі, у выніку якіх загінулі ўжо больш за 300 чалавек, была разбурана вялікая колькасць дамоў, пабудоваў, аб’ектаў культурнай і рэлігійнай спадчыны. 








All the contents on this site are copyrighted ©.