2017-01-27 12:38:00

Папа: маладушнасць паралізуе і не дазваляе ісці наперад


Маладушнасць паралізуе і не дазваляе хрысціянамі ісці наперад, адзначыў Францішак 27 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. Спасылаючыся на літургічнае чытанне з Паслання да Габрэяў (Гбр 10, 32–39), ён заклікаў вернікаў усвядоміць каштоўнасць уласнага мінулага, быць мужнымі і з надзеяй глядзець у будучыню.

У першую чаргу, Папа адзначыў, што па-сапраўднаму хрысціянскае жыццё немагчыма без памяці. Важна захоўваць успаміны пра першыя дні веры, былы энтузіям, жаданне ісці наперад, але таксама пра падзенні, крыжы і пакуты. “Нельга зразумець хрысціянскае жыццё, а таксама штодзённае духоўнае жыццё без памяці. Без памяці пра Божае збаўленне ў маім жыцці, без памяці пра беды ў маім жыцці, пра тое, як Пан выратаваў з гэтых няшчасцяў”, - сказаў Папа.

Святы Айцец таксама перакананы, што па-хрысціянску немагчыма жыць не гледзячы ў будучыню з надзеяй на сустрэчу з Панам. Гэта сустрэча не за гарамі, бо жыццё прамінае вельмі хутка, дадаў ён.

Францішак падкрэсліў, што менавіта памяці і надзеі перашкаджае грэх маладушнасці. “Маладушныя – гэтыя тыя, якія заўсёды цягнуцца ззаду, якія празмерна аберагаюць сябе, якія ўсяго баяцца”, - заўважыў Пантыфік.

“Не рызыкаваць, быць асцярожным... Выконваць усе прадпісанні... Так, усё гэта правільна, але гэта таксама і паралізуе, прыводзіць да забыцця пра атрыманыя ласкі, пазбаўляе памяці, пазбаўляе надзеі і не дазваляе ісці наперад”, - лічыць Папа. Ён параўнаў сітуацую такога хрысціяна да чалавека ў не вельмі якаснай вопратцы, якая збеглася, сціснулася, калі той патрапіў пад раптоўны дождж... “Сціснутыя душы – вось чым з’яўляецца маладушнасць. Гэта грэх супраць памяці, адвагі, цярплівасці і надзеі”, - сказаў Папа.

Францішак заклікаў маліцца, каб Бог дазволіў кожнаму ўзрастаць у памяці і надзеі, і каб вызваліў ад “сціснутасці” душы дзеля яе захавання.








All the contents on this site are copyrighted ©.