2017-01-27 13:27:00

Францішак сустрэўся з прадстаўнікамі Праваслаўных Цэркваў


Арыенцірам на шляху да поўнага адзінства хрысціян з’яўляецца таямніца смерці і ўваскрасення Езуса, а паказчыкамі дарогі да паяднання служаць прыклады мучанікаў і святых усіх рэлігійных традыцый, сказаў папа Францішак 27 студзеня 2017 г. у звароце да членаў Змешанай міжнароднай камісіі па тэалагічным дыялогу паміж Каталіцкім Касцёлам і Усходнімі Праваслаўнымі Цэрквамі, якія сабраліся ў Рыме для правядзення штогадовай працоўнай сустрэчы.

“Многія з вас належаць да Цэркваў, якія штодня становяцца сведкамі лютавання жорсткасці і жудасных спраў, якія здзяйсняюцца экстрэмістамі”, - сказаў Папа і нагадаў, што “сітуацыі такіх трагічных пакут найбольш лёгка ўкараняюцца ва ўмовах беднасці, несправядлівасці і сацыяльнай ізаляцыі”. На фоне шматлікіх праяў нянавісці Цэрквы закліканы разам “сеяць згоду і цярпліва аднаўляць надзею, суцяшаючы супакоем, які дорыць Бог”.

“Калi церпiць адзін член, церпяць з ім усе члены” (1 Кар 12, 26), нагадаў Пантыфік словы св. апостала Паўла, запэўніваючы прадстаўнікоў Усходніх Праваслаўных Цэркваў у сваёй лучнасці з імі ў малітве аб спыненні канфліктаў.

“Моцнай падтрымкай для хрысціянскіх супольнасцяў могуць служыць заступніцтва і прыклады шматлікіх мучанікаў і святых, якія далі мужнае сведчанне Хрысту. Яны выяўляюць сэрца нашай веры, якое заключаецца не столькі ў агульным закліку да міру і паяднання, колькі ў самім Езусе, Які быў распяты на крыжы і ўваскрос: Ён ёсць нашым супакоем і нашым паяднаннем”, - сказаў Святы Айцец. Па яго словах, адказам на жорсткасць, якая сее смерць, павінна быць Евангелле, якое, “не паддаючыся логіцы моцы, дае плады жыцця нават на сухой зямлі і дазваляе расці дрэвам надзеі пасля начэй тэрору”.

Францішак пажадаў, каб “сёння кроў шматлікіх мучанікаў служыла насеннем еднасці паміж вернікамі, знакам і інструментам будучыні ў адзінстве і супакоі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.