2017-01-28 11:34:00

Курсы міжнароднай “Акадэміі сям’і” ўжо ў Мінску


28 студзеня 2017 г. у Мінску ўпершыню прайшла сустрэча ў рамках IFFD – Міжнароднай федэрацыі развіцця сем’яў. Курс “Першыя крокі”, прысвечаны праблемам сужэнцаў, якія выхоўваюць малых дзяцей, стартаваў пры ўдзеле вопытнага мадэратара з Масквы Канстанціна Касцюхіна. Ініцыятарамі “прыезду” Акадэміі ў Беларусь сталі вернікі гомельскай парафіі, у прыватнасці Павел Міцкевіч. Яны ў далейшым будуць яго мадэратарамі. Памяшканне для сустрэч у Мінску прадаставіў грэка-каталіцкі цэнтр на вул. Арджанікідзэ, 6 – тут па суботах будуць праходзіць сустрэчы ў вялікіх групах.

Канстанцін Касцюхін, католік з парафіі св. Людовіка ў Маскве, член расійскага аддзялення IFFD, лічыць, што “Акадэмія сям’і” – курсы ўнікальныя, якія прапануюць максімальны ўдзел слухачоў і кладуць акцэнт на іх самастойнасць. 

“Ёсць шмат розных курсаў. У чым карыснасць нашага? Таму, што тут усё заснавана на практычным вывучэнні канкрэтных жыццёвых сітуацый. Тут з вамі не будуць працаваць прафесійныя лектары, за якімі вы пад дыктоўку нешта запісваеце. Тут вы працуеце самі, разглядаеце сітуацыі і разумееце, як сябе паводзіць пры той ці іншай праблеме, калі яна ўзнікне. Мы гаворым у тым ліку і пра базавыя рэчы, звязаныя з выхаваннем дзяцей. І курс “Першыя крокі” акурат звязаны з дзецьмі да 3-х гадоў: калі дзіця толькі з’явілася, бацькі яшчэ ўсяго не ведаюць, і існуе верагоднасць спазніцца з некаторымі рэчамі. Дзіця вырасце і вы не будзеце разумець, чаму яно сябе паводзіць не так, як вы гэтага чакаеце. Выхаванне пачынаецца практычна адразу пасля нараджэння. Вось усе гэтыя сітуацыі мы разглядаем і разбіраем”, - падзяліўся мадэратар з Масквы. Ён спадзяецца, што ў будучым у Беларусі ўдасца рэалізаваць і іншыя навучальныя ініцыятывы, прапанаваныя Міжнароднай федэрацыяй, у першую чаргу, курс “Сужэнская любоў”, для людзей, якія рыхтуюцца да шлюбу, а таксама курсы па выхаванні дзяцей старэйшага ўзросту. 

Упершыню ў Беларусі курсы “Акадэміі сям’і” правялі ў 2016 г. у Гомелі. А ўвогуле Федэрацыя была створана ў 1978 г. ў Іспаніі, і з таго часу ў больш як 60 краінах свету праводзіць курсы для сужэнцаў з выкарыстаннем сітуацыйнага аналізу, не толькі перадаючы веды, але, у першую чаргу, развіваючы ўменні і навыкі ў вырашэнні праблем сужэнскага жыцця. Задача IFFD – пабудова гарманічных адносін і шчаслівых сем’яў. У 2011 г. яна атрымала агульны кансультатыўны статус Эканамічнага і Сацыяльнага Савета Арганізацыі Аб’яднаных Нацый.

Удзел у курсах пажаданы для абодвух сужэнцаў, паколькі паасобку вучыцца будаваць гарманічныя адносіны не мае сэнсу. Арганізатары не атрымліваюць грошы за правядзенне курсаў, аднак ад удзельнікаў вітаюцца ахвяраванні, паколькі неабходны сродкі на канцылярскія тавары і раздрукоўку матэрыялаў.

“Акадэмія сям’і” – не будынак, не ўстанова, а супольнасць сем’яў. Адным з заснавальнікаў IFFD быў шматдзетны бацька з Іспаніі Рафаэль Пік. Яго дачка Роза разам з мужам выхоўваюць зараз 15 дзяцей. Пра тое, як жыць шчасліва ў сям’і, Роза Пік напісала кнігу, якую нядаўна прэзентавалі ў Беларусі. Візіт знакамітых сужэнцаў у Мінск, падчас якога таксама адбылася прэзентацыя Міжнароднай федэрацыі развіцця сем’яў, стаў штуршком для адкрыцця курсаў у беларускай сталіцы.








All the contents on this site are copyrighted ©.