2017-01-30 11:20:00

Апостальская Сталіца занепакоена ініцыятывай Трампа


Апостальская Сталіца занепакоена “сігналам, які пасылаецца свету” з будаўніцтвам сцяны паміж ЗША і Мексікай. Ініцыятарам выступіў Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп. Матыў – прыпыніць міграцыю. 

Старшыня новай ватыканскай Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Пітэр Тарксан выказаў спадзяванне, што іншыя краіны, у тым ліку і еўрапейскія, не пойдуць за гэтым прыкладам. Іерарха цытуе інфармацыйнае агенцтва італьянскага епіскапату “SIR”.
 
“Мы спадзяемся, што сцяна не будзе пабудавана, але ведаючы Трампам, верагодна, гэта будзе зроблена, - сказаў ватыканскі іерарх. - Апостальская Сталіца занепакоена, паколькі гэта ўплывае не толькі на сітуацыю з Мексікай, але з’яўляецца сігналам, які пасылаецца свету. Не толькі ў ЗША ёсць тыя, хто хоча будаваць сцены супраць мігрантаў, гэта існуе таксама і ў Еўропе. Я спадзяюся, што гэты прыклад не будзе наследавацца. Адзін прэзідэнт можа пабудаваць сцяну, але прыйдзе іншы, які яе абваліць”.

І мексіканскі каталіцкі епіскапат, і камісія па міграцыі епіскапату Злучаных Штатаў асудзілі будаўніцтва сцяны на амерыканска-мексіканскай мяжы.








All the contents on this site are copyrighted ©.