2017-01-31 12:44:00

Папа: Езус не бачыць проста масу, Ён глядзіць на кожнага


Тых, хто глядзіць на Езуса, чакае вялікае захапленне, калі упэўняцца, што і Пан пастаянна глядзіць на іх, падкрэсліў папа Францішак 31 студзеня 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі Пантыфік узгадаў заклік з Паслання да Габрэяў (Габ 12,1-4): “цярпліва бегчы ў прызначаным для нас змаганні, гледзячы на Езуса”, . 

У першую чаргу, Францішак заўважыў, што Езус імкнуўся быць блізкім да народу. Ён не атачаў сябе ахоўнікамі, якія б перашкаджалі людзям дакранацца да Яго. Ён шукаў людзей, а людзі шукалі Яго. Сёння аматары статыстыкі маглі б канстатаваць: “Расце папулярнасць настаўніка Езуса”, з гумараў заўважыў Папа.

Паводле яго, Езус шукаў не папулярнасці, а менавіта людзей. Калі Ён глядзеў на акружаючы Яго натоўп, бачыў кожнага з тых, хто быў побач. “Гэта асаблівасць позірку Езуса. Ён не бачыць проста масу. Езус глядзіць на кожнага”, - заўважыў Пантыфік.

У пацвярджэнне гэтых слоў, ён спаслаўся на евангельскі ўрывак пра аздараўленне жанчыны, якая хварэла на крывацёк і вяртанне да жыцця дванаццацігадовай дачкі кіраўніка сінагогі (Мк 5, 21-43). 

“Позірк Езуса сягае да вялікіх і малых. Так глядзіць Езус: глядзіць на ўсіх, але і на кожнага з нас. Ён глядзіць на нашы вялікія праблемы ці нашы вялікія радасці, але таксама і на нашы маленькія справы, таму што Ён побач. Езус не палохаецца вялікіх спраў, але ўлічвае таксама і малыя. Так глядзіць на нас Езус”, - сказаў Папа.

Паводле Францішка, тых, хто ўглядаецца ў Хрыста, чакае “вялікае захапленне”, бо спазнаюць, што і Ён глядзіць на іх. “Гэта будзе захапленне ад сустрэчы з Езусам”, - дадаў Пантыфік і заклікаў не баяцца быць побач з Хрыстом: “цярпліва бегчы”, углядаючыся ў Яго.








All the contents on this site are copyrighted ©.