2017-02-02 14:52:00

Кардынал Паралін: салідарнасць – альтэрнатыва насіллю


Перад абліччам пагрозаў для міру і бяспекі сёння, як ніколі нельга закрывацца ва ўласных інтарэсах. У якасці альтэрнатывы зброі, насіллю і тэрору патрэбна салідарнасць паміж людзьмі і народамі, лічыць кіраўнік ватыканскай дыпламатыі. Кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін здзейсніў візіт на Мадагаскар, дзе акрамя шматлікіх сустрэч на высокім узроўні, прачытаў лекцыю аб дыпламатычных прыярытэтах Апостальскай Сталіцы. 

Улічваючы актуальную сітуацыю ў свеце, на думку пурпурата, важна садзейнічаць сустрэчы і дыялогу паміж людзьмі розных народнасцяў, культур і рэлігій. Трэба, каб прадстаўнікі разнастайных ідэй, супрацьлеглых палітычных поглядаў, рэлігійных перакананняў і нават ідэалогій паядналіся ў служэнні чалавеку, міру і справядлівасці.

Гаворка ідзе пра складаны шлях, але “мір здабываецца праз салідарнасць”, а “не праз ўуцяканне ў маленькія нішы інтарэсаў, індывідуалістычную закрытасць і больш ці менш замаскіраваны нацыяналізм, які амаль афарбаваў краявід пост-глабальнага свету”, заўважыў кардынал Паралін, цытуючы словы Папы, скіраваныя нядаўна да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы.

Самым надзейным спосабам будавання лепшай будучыні, на думку галоўнага папскага дыпламата, з’яўляецца абарона годнасці пакутуючых людзей. Служыць дыялогу і міру, значыць быць таксама па-сапраўднаму рашучымі ў памяншэнні, а ў далейшай перспектыве, і спыненні многіх узброеных канфліктаў ва ўсім свеце, лічыць ён.

“Тут мы павінны спытацца: чаму зброя прадаецца тым, хто плануе прычыняць невымоўныя пакуты індывідуўмам і грамадстам? На жаль, адказам, як мы ўсе ведаем, з’яўляюцца проста грошы: грошы заплямленыя крывёю, часта, крывёю нявінных. Перад гэтым ганебным і саўдзельным маўчаннем, наш абавязак заключаецца ў вырашэнні праблемы і спыненні гандлю зброяй”, - падкрэсліў кардынал Дзяржсакратар.

Ён падкрэсліў, што “выкарыстанне прыродных рэсурсаў і іх эксплуатацыю ніколі не спынялі дзяржаўныя межы ці тоеснасць народа”. Таму “большая частка насельніцтва свету штодзённа расплачваецца за наступствы гэтага беднасцю, адсутнасцю развіцця і эксплуатацыяй”, перакананы бліжэйшы супрацоўнік Святога Айца.

Візіт кардынала Параліна на Мадагаскар быў прымеркаваны да 50-годдзя дыпламатычных адносін паміж гэтай краінай і Апостальскай Сталіцай. Ён праходзіў з 26 студзеня 2017 г. 2 лютага пурпурат накіраваўся ў Конга, дзе ад імя Святога Пасаду падпіша базавае пагадненне з мясцовым урадам.








All the contents on this site are copyrighted ©.