2017-02-02 11:58:00

Святы Айцец памоліцца з кансэкраванымі асобамі


Францішак узначаліць 2 лютага 2017 г. св. Імшу з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця. Літургія пройдзе ў ватыканскай базыліцы св. Пятра пры ўдзеле тысяч законнікаў і законніц з розных частак свету. Ёй будзе папярэднічаць ружанцовая малітва і працэсія са свечкамі. 

Сёлета Дзень кансэкраванага жыцця набывае асаблівае значэнне ў святле будучага Сінода Біскупаў, прысвечанага тэме моладзі і распазнання паклікання, падкрэсліў Святы Айцец 1 лютага 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сувязі з гэтым Папа заклікаў вернікаў маліцца за ўсіх, “хто быў пакліканы вызнаваць евангельскія парады, каб сваім жыццёвым сведчаннем маглі пашыраць у свеце любоў Хрыста і ласку Евангелля”.

Некалькі дзён таму Францішак прымаў на аўдыенцыі удзельнікаў Пленарнага пасяджэння Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця, якое было прысвечана разважанням на тэму вернасці пакліканню.

Паводле Папы, яе захаванне ўскладняе актуальны сацыяльна-культуры кантэкст, пазначаны “культурай часовага”, распаўсюджаны сярод моладзі “пошук поспеху любым коштам, лёгкіх грошай і лёгкага задавальнення”, а таксама стомленасць законнікаў руцінай, унутранымі падзеламі і іншымі праявамі “антысведчання”.

Святы Айцец лічыць неабходным абнаўленне братэрскага жыцця праз супольную малітву, чытанне Божага слова, удзел у таямніцы Эўхарыстыі, праз шчыры дыялог і міласэрнасць у адносінах да братоў і сясцёр, якія чыняць грэх, праз размеркаванне адказнасці. “Усё гэта павінна суправаджацца красамоўным і радасным сведчаннем аб простым жыцці побач з беднымі і місіяй, якая аддае перавагу перыферыям жыцця”, - сказаў Францішак.

Сусветны дзень кансэкраванага жыцця адзначаецца штогадова ў свята Ахвяравання Пана. Ён быў устаноўлены ў 1997 г. св. Янам Паўлам ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.