2017-02-02 14:35:00

У Ватыкане пракаментавалі першыя рашэнні Трампа


Першыя рашэнні Дональда Трампа ў якасці Прэзідэнта Злучаных Штатаў выклікаюць заклапочанасць, сказаў субстытут Святога Пасаду, арцыбіскуп Анджэла Бэчу. Гаворка ідзе пра ўказ аб будаўніцтве сцяны на мяжы з Мексікай і забарону на ўезд у ЗША грамадзян сямі краін, дзе мусульмане складаюць большасць насельніцтва.

У размове з журналістамі ватыканскі іерарх адзначыў, што Касцёл з’яўляецца прадстаўніком “іншай культуры, культуры адкрытасці”. Ён нагадаў, што “Францішак робіць акцэнт на магчымасць інтэграцыі імігрантаў у наша грамадства і культуру”.

У нядаўнім інтэрв’ю іспанскай “El País”, Святы Айцец адзначыў, што запалохванне Трампам або, наадварот, радасць з прычыны яго абрання, заўчасныя. Пантыфік прапанаваў паглядзець, што палітык зробіць на самой справе, а потым рабіць высновы.

У віншавальнай тэлеграме ад 20 студзеня 2017 г. Францішак напісаў: “У час, калі наша чалавечая сям’я пакутуе ад цяжкіх гуманітарных крызісаў, якія патрабуюць дальнабачных і паяднаных палітычных адказаў, я малюся, каб Вашыя рашэнні кіраваліся багатымі духоўнымі і маральнымі каштоўнасцямі, якія сфарміравалі гісторыю амерыканскага народу і намаганнямі Вашай краіны на карысць чалавечай годнасці і свабоды ва ўсім свеце”.

У той жа час, 9 студзеня 2017 г. у сваім звароце да дыпламатычнага корпуса, акрэдытаванага пры Апостальскай Сталіцы, Папа падкрэсліў, што самі мігранты не павінны забывацца, што маюць абавязак прытрымлівацца законаў, культуры і традыцый краін, якія іх прымаюць.








All the contents on this site are copyrighted ©.