2017-02-03 11:44:00

Пантыфік супраць "псіхалогіі выжывання" ў кансэкраваных асоб


“Cпакуса выжывання” можа зрабіць бясплодным кансэкраванае жыццё, заўважыў Францішак 2 лютага 2017 г. падчас св. Імшы, якую цэлебраваў з нагоды Сусветнага дня кансэкраванага жыцця. Літургія праходзіла пры ўдзеле тысяч законнікаў і законніц з розных частак свету. Яна пачалася ўрачыстай працэсіяй са свечкамі, якія сваім святлом напоўнілі ватыканскую базыліку св. Пятра.

Паводле Францішка, толькі нясенне Езуса туды, дзе Ён павінен быць – пасярод свайго народу – можа вярнуць кансэкраваным асобам радасць і надзею і выбавіць ад жыцця “згодна з пазіцыяй выжывання”. “Толькі гэта зробіць плённым наша жыццё і захавае жывым наша сэрца”, - сказаў Папа.

Святы Айцец перакананы, што манаскія асобы павінны ўсёй душой уключыцца ў трываючыя “шматкультурныя ператварэнні”, павінны стаць зачынам, згодна са сваімі харызматамі, каб дапамагчы ўзрасці зерню Евангелля, якое “часта сеецца сярод хмызняку”. Папа заклікаў законнікаў і законніц не займаць абарончай пазіцыі, абумоўленай страхам.

“Ставіць Езуса пасярод Ягонага народу, значыць мець кантэмплятыўнае сэрца, здольнае распазнаваць, як Бог крочыць сцежкамі нашых гарадоў, нашых краін, нашых кварталаў. Ставіць Езуса пасярод Ягонага народу, значыць браць на сябе і жадаць дапамагчы несці крыж нашых братоў. Гэта значыць жадаць дакранацца да ранаў Езуса ў ранах свету, які паранены і прагне і просіць аб вяртанні да жыцця”, - заўважыў Святы Айцец.

“Спакуса выжывання”, паводле Папы, робіць “рэакцыйнымі”, “баязлівымі”, уцякаючымі ад сучасных выклікаў. Яна пазбаўляе сілы харызматы і прымушае клапаціцца пра захаванне будынкаў і структур, замест таго, каб даваць пачатак новым працэсам. Гэта спакуса робіць проста служыцелямі культу і рэлігійнымі актывістамі, “а не айцамі, маці ці братамі надзеі, якую мы пакліканы абвяшчаць”, лічыць Францішак.

Паводле слоў Святога Айца, праз прызму “псіхалогіі выжывання”, сапраўдныя магчымасці для місіі, бачацца ў якасці пагрозаў і трагедый. Прычым гэта рызыка тычыцца не толькі кансэкраванага жыцця, заўважыў ён.

Сусветны дзень кансэкраванага жыцця адзначаецца штогадова ў свята Ахвяравання Пана. Ён быў устаноўлены ў 1997 г. св. Янам Паўлам ІІ.








All the contents on this site are copyrighted ©.