2017-02-03 12:59:00

Францішак звярнуўся да лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру


“Няхай намаганні, прыкладзеныя ў Калумбіі для пабудовы мастоў спакою і прымірэння, змогуць натхніць усе супольнасці на пераўзыходжанне варожасці і падзелаў”, - пажадаў Святы Айцец у пасланні да ўдзельнікаў XVI Сусветнага саміту лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру. 

Форум праходзіць 2-5 лютага 2017 г. у сталіцы Калумбіі, Багаце. Зварот Папы быў скіраваны за подпісам кіраўніка ватыканскай дыпламатыі, кардынала Дзяржсакратара Пьетра Параліна.

“Калі ахвяры насілля здольныя аказаць супраціў спакусе помсты, яны становяцца найбольш пераканаўчымі падзвіжнікамі ненасілля і будавання міру”, - гаворыцца ў папскай тэлеграме. Францішак выказаў падтрымку намаганням, якія прыкладаюцца на карысць “узаемнага знаёмства і дыялогу паміж людзьмі”, а таксама запэўніў у малітве, каб ненасілле магло стаць характэрным стылем рашэнняў, адносін, дзеянняў і ўсіх формаў палітыкі ў свеце.

Саміт лаўрэатаў Нобелеўскай прэміі міру ўпершыню праходзіць у Лацінскай Амерыцы. Месца яго правядзення ў Калумбіі аказалася сімвалічнымі. У 2016 г. Нобелеўскую прэмію міра атрымаў прэзідэнт гэтай краіны Хуан Мануэль Сантас за намаганні, накіраваныя на завяршэнне больш чым 50-гадовай грамадзянскай вайны паміж урадавамі войскамі і Рэвалюцыйнымі ўзброенымі сіламі Калумбіі.

Лаўрэаты Нобелеўскай прэміі міру збіраюцца перыядычна з 1999 г. Папярэдні форум праходзіў у лістападзе 2015 г. у Барселоне. Сустрэча з’яўляецца нагодай для наладжвання дыялогу, прасоўвання ідэй разбраення і згоды паміж народамі. Яе сёлетняя тэма: “Мір і прымірэнне”.








All the contents on this site are copyrighted ©.