2017-02-04 14:52:00

Ватыканскі дыпламат у Токіа пра культуру міру


Да пашырэння культуры міру заклікаў Сакратар па адносінах Апостальскай Сталіцы з дзяржавамі, арцыбіскуп Пол Рычард Галахер 3 лютага 2017 г.  падчас выступлення ў езуіцкім Сафійскім універсітэце Токіа. 

“Ніводзін чалавек або група асоб не можа лічыць сябе ўсемагутнымі, ні, тым больш, упаўнаважанымі, каб зневажаць годнасць і правы іншых асоб або супольнасцяў”, - сказаў іерарх. Ён падкрэсліў, што мір трэба разумець не толькі як “упарадкаванае суіснаванне паміж народамі”, але і як “прадухіленне прычын, якія могуць распаліць вайну”.

Па словах ватыканскага дыпламата, тэма міру павінна стаяць на парадку дня ва ўзаемаадносінах паміж дзяржавамі, служыць “актыўнай дабрадзейнасцю”, якая б закранала кожнага чалавека і грамадства ў цэлым, асабліва ў сучасным глабальным кантэксце “фрагментарнай трэцяй сусветнай вайны”, як назваў гэта папа Францішак.

Мір палягае на справядлівасці, падкрэсліў арцыбіскуп Галахер. І кожны мае на яе права. Культура міру павінна азначаць, у тым ліку, рэгламентаванае выкарыстанне зброі, згодна з прынцыпам “ius in bello”, які забараняе злачынствы супраць мірнага насельніцтва. Яна можа прапанаваць рашэнні і ў супрацьстаянні тэрарыстычнай дзейнасці. 

Арцыбіскуп звярнуў увагу на змест “Дэкларацыі ААН аб праве народаў на мір”, у якой мір разглядаецца ў цеснай сувязі з адукацыяй, выхаваннем і свабодай веравызнання. Таму, заўважыў арцыбіскуп Галахер, неабходна пераразмеркаванне рэсурсаў – іх накіраванне на праграмы развіцця грамадства, замест падтрымання канфліктаў і ўзбраення. 

Ватыканскі дыпламат 4 лютага 2017 г. завяршыў працоўную паездку ў Японію з нагоды 75-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Святым Пасадам і краінай.








All the contents on this site are copyrighted ©.