2017-02-05 13:16:00

Францішак: быць “соллю зямлі” і “святлом свету”


Місія хрысціян у грамадстве заключаецца ў тым, каб даваць “смак” жыццю праз веру і любоў, якія Хрыстус нам падарыў, і адначасова – аддаляць заразныя бацылы эгаізму, зайздрасці і зласлоўя, нагадаў папа Францішак 5 лютага 2017 г. перад малітвай “Анёл Панскі” у Ватыкане.

“На працягу апошніх нядзель літургія прапануе нам так званае “Нагорнае” казанне, з Евангелля паводле св. Мацвея, – заўважыў Папа. – Пасля знаёмства з  благаслаўленнямі, у мінулую нядзелю, сёння яна звяртае ўвагу на словы Езуса, якія апісваюць місію Ягоных вучняў у свеце. Ён выкарыстоўвае метафару “солі” і “святла”, а Ягоныя словы скіраваны да вучняў усіх часоў, гэта значыць таксама да нас.

Езус запрашае нас быць адлюстраваннем свайго святла праз сведчанне добрых учынкаў. Ён кажа: “Няхай святло вашае так свеціць перад людзьмі, каб яны бачылі вашыя добрыя ўчынкі і праслаўлялі Айца вашага, які ў нябёсах” (Мц 5,16). Гэтыя словы падкрэсліваюць, што нас можна будзе пазнаць як сапраўдных вучнях Таго, хто з’яўляецца Святлом свету, не дзякуючы словам, але нашым учынкам. Сапраўды, у першую чаргу нашыя чыны – добрыя і кепскія – пакідаюць след на іншых. Таму мы маем заданне і адказнасць за атрыманы дар: мы не павінны ўспрымаць у якасці нашай уласнасці святло веры, якое прысутнічае ў нас дзякуючы Хрысту і дзейнасці Святога Духа. Мы пакліканы дапамагчы яму заззяць у свеце, дарыць яго іншым праз добрыя ўчынкі. Як моцна свет патрабуе святла Евангелля, якое перамяняе, аздараўляе і гарантуе збаўленне тым, хто яго прымае! Гэта святло мы павінны несці праз нашыя добрыя чыны.

Святло нашай веры, калі дорыцца, не гасне, а ўмацоўваецца. Але можа знікнуць, калі не ўмацуем яго любоўю і ўчынкамі міласэрнасці. Так вобраз святла сустракаецца з вобразам солі. Евангельскі ўрывак, насамрэч, кажа нам, што як вучні Хрыста, мы таксама з’яўляемся “соллю зямлі” (Мц 5,13). Соль – гэта элемент, які даючы смак, захоўвае ежу ад пагаршэння ці сапсавання – у часы Езуса не было халадзільнікаў! – таму місія хрысціян у грамадстве заключаецца ў тым, каб даваць “смак” жыццю праз веру і любоў, якія Хрыстус нам падарыў, і адначасова – аддаляць заразныя бацылы эгаізму, зайздрасці, зласлоўя і гэтак далей. Гэтыя бацылы псуюць грамадскі лад нашых супольнасцяў, якія, аднак, павінны заззяць як месцы гасціннасці, салідарнасці і прымірэння. Каб споўніць гэтую місію, трэба, каб мы самі, першымі вызваліліся ад дэструктыўных дэгенерацый уплываў свету, супрацьлеглых Хрысту і Евангеллю, і гэта ачышчэнне не мае канца, але павінна здзейсняцца пастаянна. Яго трэба рабіць штодзённа!

Кожны з нас пакліканы быць “святлом” і “соллю” у сваім асяроддзі штодзённага жыцця, трываючы ў спаўненні задання адраджэння чалавечай рэчаіснасці ў духу Евангелля і перспектыве Божага Валадарства. Няхай нам заўсёды дапамагае Найсвяцейшая Марыя, першая вучаніца Езуса і ўзор вернікаў, якія штодзённа спаўняюць у гісторыі сваё пакліканне і місію. Нашая Маці няхай дапаможа нам заўсёды прымаць ачышчэнне і асвячэнне Пана, каб стаць у сваю чаргу “соллю зямлі” і “святлом свету”.  

Пасля марыйнай малітвы Францішак прывітаў прысутныя на плошчы св. Пятра групы вернікаў і ўдзяліў сваё благаслаўленне. 








All the contents on this site are copyrighted ©.