2017-02-06 15:13:00

Ватыкан: новая хартыя работнікаў сферы аховы здароўя


Сусветны дзень хворага сёлета будзе адзначаць свой “срэбны” юбілей. Ён пройдзе ўжо ў 25 раз і будзе мець надзвычайную форму, паведаміў 6 лютага 2017 г. падчас прэс-канферэнцыі ў Зале Друку Апостальскай Сталіцы прэфект Дыкарстэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека, кардынал Пітэр Тарксан.

Галоўныя ўрычыстасці з нагоды Сусветнага дня хворага адбудуцца 10-13 лютага 2017 г. Ужо ў трэці раз месцам іх правядзення стане французскі марыйны санктуарый у Лурдзе. Да гэтага Дзень хворага тут адзначаўся ў 1993 і 2004 гг.. Святога Айца на ўрачыстасцях будзе прадстаўляць кардынал Дзяржсакратар Пьетра Паралін. 

У рамках ватыканскай прэс-канферэнцыі была прадстаўлена Новая хартыя работнікаў сферы аховы здароўя – кампендый навучання Каталіцкага Касцёла ў пытаннях аховы здароўя і жыцця. Над яго стварэннем працаваў нядаўна спачылы арцыбіскуп Зыгмунт Зімоўскі, былы старшыня Папскай рады пастырства работнікаў сферы аховы здароўя. Выданне стала данінай пашаны да памерлага іерарха за яго ўклад у служэнне хворым.

Дакумент з’яўляецца пераглядам і дапаўленнем Хартыі работнікаў сферы аховы здароўя з 1995 г., якая з’явілася на 19 мовах і на працягу больш чым 20 гадоў з’яўлялася каталіцкім этычным кодэксам для работнікаў гэтай сферы.

Новы дакумент улічвае сучасныя феномены, асабліва ў сферы біяэтыкі. Ён скіраваныны не толькі да медыкаў, але і да біёлагаў, фармацэўтаў, заканадаўцаў, работнікаў публічнага і прыватнага сектараў, звязаных з сферай аховы здароўя. Хартыя ўтрымлівае каштоўныя этычныя ўказанні адносна іх паклікання і тычыцца ўсіх трох этапаў чалавечага існавання: нараджэння, жыцця і смерці.








All the contents on this site are copyrighted ©.