2017-02-06 16:30:00

Пантыфік: хрысціянін – слуга любові


Суровыя людзі баяцца свабоды і любові, адзначыў Францішак 6 лютага 2017 г. падчас ранішнай Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі. У гаміліі Пантыфік спаўслаўся на спеў праслаўлення Бога за дар стварэння, які ўтрымліваецца ў Псальме 103. Ён падкрэсліў, што Бог стварыў свет з любові, жадаючы мець кагосьці, каму можна прынесці дар і падзяліцца сваёй поўняй, а затым паслаў Езуса, каб усё “ўпарадкаваць”.

Настаўнікі закону, аднак, не ўмелі прымаць Божых дароў. Для іх важнай была справядлівасць. “Замест таго, каб адкрыць сэрца на дар, яны хаваліся, знаходзілі сховішча ў суровасці запаведзяў, якія памножылі да больш чым 500, ці нават больш...”, - заўважыў Папа.

Паводле Францішак, дар можна прыняць толькі будучы свабодным. Яго плёнам з’яўляецца радасная малітва праслаўлення, а не сумная малітва няздольных прыняць дар, спалоханых свабодай. Яны – рабы абавязкаў, а не любові. “Калі становішся слугой любові, становішся свабодым. Гэта вельмі цудоўная няволя”, якой не разумелі кніжнікі і фарысеі, лічыць Святы Айцец.

Папа заклікаў вернікаў імкнуцца пазнаць таямніцу любові Бога і праслаўляць Яго разам з псальмістам, кажучы: “Пане, Божа мой, Ты вельмі вялікі”.








All the contents on this site are copyrighted ©.