2017-02-08 12:19:00

Кіраўнік Папскай акадэміі жыцця на семінары ў ЗША


“Упершыню ў гісторыі чалавек думае, што можа зруйнаваць саюз, які заўсёды па праву лічыўся асновай жыцця і чалавечай супольнасці, і які непарыўна звязвае “сужэнства людзей рознага полу, сям’ю і жыццё”. Гэта адзначыў арцыбіскуп Вінчэнца Палья, выступаючы перад біскупамі ЗША, якія сустрэліся ў Даласе на семінары па біяэтыцы.

Старшыня Папскай акадэміі жыцця дадаў, што існаванне магчымасці разбурыць і сказіць створанае Богам чалавеку толькі здаецца. Перафразуючы выказванне англійскага філосафа Томаса Гобса, іерарх заўважыў, што сёння не столькі “чалавек чалавеку воўк”, колькі “чалавек чалавеку бог”.

Арцыбіскуп Палья таксама ўказаў на вялікія магчымасці сучаснай навукі, якая ў стане прааналізаваць і разабраць на дробныя часткі кожны элемент чалавечага і нават біялагічнага жыцця, што адкрывае новыя і непрадказальныя гарызонты. Менавіта таму так важна сёння абнавіць асновы гуманнасці з усімі тымі, хто хоча ісці з намі агульным шляхам. Запавет, які развіваецца па-за сужэнствам і сям’ёй, як вынік адкрытасці для супольнасці, з’яўляецца сродкам, які Касцёл павінен шукаць, каб падтрымліваць і ўмацоўваць яго. Ватыканскі іерарх лічыць, што гэта наш адказ ідэалогіі падзелу і абыякавасці.








All the contents on this site are copyrighted ©.