2017-02-08 12:37:00

Францішак: натуральнае жытло надзеі – гэта Касцёл


Хрысціянскай надзеі можна навучыцца ў самых бедных, простых і пакінутых людзей, заўважыў папа Францішак 8 лютага 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. У сваёй катэхезе Пантыфік спаслася на словы апостала Паўла, якія звяртаўся да розных супольнасцяў Касцёла, каб маліліся адно за аднаго і аказвалі ўзаемную дапамогу (1 Тэс 5,14-18), асабліва ва ўмацаванні надзеі.

“Невыпадкова, што ён пачаў зварот менавіта з тых, каму даверана адказнасць і пастырскае кіраўніцтва. Яны першымі закліканы ўмацоўваць надзею, і не таму што з’яўляюцца лепшымі за іншых, а ў сілу Боскага служэння, якое пераўзыходзіць іх сілы. Па гэтай прычыне, яны павінны карыстацца вялікай павагай, разуменнем і добразычлівай падтрымкай усіх”, - сказаў Папа.

Паводле Святога Айца, асобам, якім пагражае згуба надзеі: роспачным, слабым, прыгнечаным цяжарам жыцця ці ўласнымі правінамі, няздольным узняцца, патрэбны сапраўдныя і канкрэтныя выразы любові. Іх неабходна падбадзёрваць, несці спачуванне і суцяшэнне.

“Гэта сведчанне не застанецца закрытым у рамках хрысціянскай супольнасці. Яно загучыць ва ўсёй сваёй моцы таксама і вонкі, у сацыяльным і грамадскім кантэксце, як заклік будаваць масты, а не сцены, і не адказваць злом на зло, а перамагаць зло дабром, крыўду – прабачэннем. Хрысціянін ніколі не можа сказаць: ты мне за гэта заплаціш! Ніколі! Гэта не хрысціянскі жэст! Крыўда перамагаецца прабачэннем, каб жыць у міры з усімі. Такім з’яўляецца Касцёл! І гэта робіць хрысціянская надзея, калі набывае моцныя і адначасова пяшчотныя рысы любові”, - сказаў Пантыфік.

Францішак падкрэсліў, што надзеі вернік вучацца ў касцёльным асяроддзі, асабліва ад малых, бедных, простых і пакінутых людзей.

“Так адбываецца, таму што не спазнае надзеі той, хто зачыняецца ў сваім дабрабыце, хто спадзяецца толькі на свой дабрабыт. Гэта не надзея, гэта адносная бяспека. Не спазнае надзеі той, хто зачыняецца у сваёй самарэалізацыі, хто заўсёды адчувае сябе ў парадку... Надзеяй жывуць тыя, хто кожны дзень сустракаецца з выпрабаваннямі, няўпэўненасцю, уласнымі абмежаваннямі. Гэтыя нашы браты даюць нам самае цудоўнае сведчанне, самае моцнае, бо застаюцца моцнымі ў даверы да Пана, ведаючы, што, нягледзячы на смутак, прыгнёт і непазбежнасць смерці, апошняе слова будзе за Ім, будзе словам міласэрнасці, жыцця і спакою”, - сказаў Папа.

Пантыфік заўважыў, што натуральнае жытло надзеі – гэта Касцёл, а яе душой з’яўляецца Святы Дух. “Калі Святы Дух жыве ў нашых сэрцах, Ён дапамагае нам зразумець, што мы не павінны нічога баяцца, бо Пан блізка і клапоціцца пра нас. Гэта Ён фарміруе нашы супольнасці ў пастаяннай Пяцідзесятніцы, як жывы знак надзеі для чалавечай сям’і”, - падкрэсліў Францішак.

На заканчэнне агуальнай аўдыенцыі Святы Айцец нагадаў, што 11 лютага ў Лурдзе пройдуць цэнтральныя ўрачыстасці ў рамках Сусветнага дня хворага. Ён заклікаў маліцца за усіх, хто пакутуе ад хвароб, асабліва ад цяжкіх, і знаходзіцца ў адзіноце, а таксама за асоб, якія клапоцяцца пра хворых.








All the contents on this site are copyrighted ©.