2017-02-09 15:01:00

Пантыфік падзяліўся сакрэтам свайго спакою


Папа прызнаўся, што, не гледзячы на цяжкасці, прабывае ў спакоі духа. Прычым, гэты стан яго не пакідае ад часу выбару на Пасад св. Пятра. “У момант выбараў я проста сказаў: “Пане, ідзём наперад!”. Я адчуваў спакой, і гэта пачуццё мяне не пакідала”, - прызнаўся ён 25 лістапада 2016 г. падчас сустрэчы ў Ватыкане з вышэйшымі настаяцелямі манаскіх кангрэгацый. Фрагменты дакладнай стэнаграмы спантаннай размовы апублікавала 9 лютага 2017 г. “Corriere della Sera”. 

Спакой суправаджаў будучага Пантыфіка і падчас кангрэгацый, што папярэднічалі канклаву, на якіх кардыналы адкрыта казалі пра сітуацыю ў Ватыкане, пра існуючыя адміністрацыйныя праблемы. 

Падтрымліваць і прымнажаць гэты стан духа Францішку дапамагае малітва, у тым ліку на ружанцы, штодзённая св. Імша, чытанне Брэвіярыя і Святога Пісання. “Калі ёсць праблема, я пішу запіску св. Юзафу і кладу пад яго статую, што знаходзіцца ў мяне ў пакоі”, - прызнаўся Папа, які лічыць, што яго спакой – гэта Божы дар. 

Спакой дапамагае зносіць пакуты, якія здараюцца на шляху кожнага настаяцеля. І трэба навучыцца пакутаваць “з вялікай пакорай”. Толькі па гэтым шляху можна прыйсці “ад крыжа да спакою”, “ніколі не ўмываючы рукі ад праблем”, падкрэсліў Папа ў сваёй спантаннай размове.








All the contents on this site are copyrighted ©.