2017-02-10 14:12:00

Францішак наведае рымскі ўніверсітэт


17 лютага 2017 г. Святы Айцец наведае рымскі ўніверсітэт “Roma Tre”, пацвердзіла Зала Друку Апостальскай Сталіцы. Францішак стане другім Пантыфікам, якога будзе прымаць гэта вышэйшая навучальная ўстанова. 31 студзеня 2002 г. яе госцем быў св. Ян Павел II. Плануецца, што Францішак правядзе тут дзве гадзіны – з 10.00 да 12.00. Прамую трансляцыю візіту будзе весці Ватыканскае тэлебачанне. 

Дакладная праграма пакуль не паведамляецца, але вядома, што сустрэча пройдзе на пляцоўцы ля рэктарату, дзе будзе падрыхтавана каля 400 месцаў, большасць з якіх прызначаць для студэнтаў.  

“Roma Tre” (Università degli Studi Roma Tre) з’яўляецца італьянскім дзяржаўным навукова-даследчым універсітэтам. Ён быў заснаваны ў 1992 г. Міністэрствам адукацыі па ініцыятыве некалькіх прафесараў рымскага ўніверсітэта “Sapienza” і стаў трэцім дзяржаўным універсітэтам у італьянскай сталіцы. “Roma Tre” прапануе дванаццаць навуковых кірункаў: ад філасофіі і архітэктуры да эканомікі і паліталогіі. Тут навучаюцца каля 35 тыс. студэнтаў.








All the contents on this site are copyrighted ©.