2017-02-11 12:48:00

Святы Пасад: міжрэлігійны дыялог палягае на братэрстве


На дыпламатычным, міжрэлігійным і культурным узроўнях стратэгічную ролю адыгрывае дыялог. Ва ўзаемаадносінах паміж рэлігіямі ён здольны значна ўплываць на фарміраванне чалавечай свядомасці, адзначыў 10 лютага 2017 г. пастаянны назіральнік Апостальскай Сталіцы пры ААН і іншых міжнародных арганізацыях у Жэневе.

Выступаючы падчас сустрэчы на тэму міжрэлігійнага дыялогу, будавання міру і развіцця, арганізаванай ААН і Арганізацыяй ісламскага супрацоўніцтва, арцыбіскуп Іван Юркавіч падкрэсліў, што агульнай пляцоўкай для ўсіх сусветных рэлігій павінна быць братэрства, а не талерантнасць. “Гармонія не павінна абмяжоўвацца простым мірным суіснаваннем. Яе сапраўдны сэнс – ва ўзаемным узбагачэнні”, - сказаў ён.

Такога ж падыходу, на думку ватыканскага дыпламата, трэба прытрымлівацца і ў разуменні міру: гэта “не проста прызнанне статус-кво, але пастаяннае і канструктыўнае паляпшэнне нашай сітуацыі як чалавечай сям’і”. Недапушчальна, каб стабільнасць у свеце забяспечвалася ядзернай зброяй, сказаў іерарх.

Ватыканскі прадстаўнік падкрэсліў жыццёвую неабходнасць міжрэлігійнага дыялогу і сумесных ўзгодненых намаганняў для эфектыўнага вырашэння глабальных праблем, звязаных з правамі чалавека, міграцыйным пытаннем і кліматычнымі зменамі. “Прычына ўсіх гэтых драматычных сітуацый палягае на абмежаваным бачанні чалавечай асобы, якое адкрывае шлях да распаўсюджання несправядлівасці і няроўнасці, ствараючы канфліктныя сітуацыі”, - адзначыў арцыбіскуп Юркавіч.

Будаванне міру праз адмаўленне ад насілля неабходна сёння ў многіх частках свету, пачынаючы з Блізкага Усходу, каб пакласці канец сірыйскаму канфлікту і спрыяць поўнаму прымірэнню ў грамадстве і ўзнаўленню мірнага грамадзянскага жыцця.

Нарэшце, іерарх перасцярог, што “рэлігійныя супольнасці ніколі не павінны ператварацца ў інструмент рэгіянальных і міжнародных геапалітычных стратэгій”. Ён нагадаў заклік папы Фрацішка залечваць раны мінулага і распачынаць сумесны шлях і выказаў упэўненасць, што “такі дыялог магчымы”. Доказам гэтаму ён назваў гістарычную сустрэчу Пантыфіка з Патрыярхам Кірылам на Кубе.








All the contents on this site are copyrighted ©.