2017-02-13 13:47:00

Францішак: не даваць расці пачуццю нянавісці


Неадкладна стрымліваць пачуццё нянавісці і будаваць братэрства паміж людзьмі заклікаў Святы Айцец 13 лютага 2017 г. падчас ранішняй Эўхарыстыі ў Ватыкане. Пантыфік цэлебраваў св. Імшу ў інтэнцыі а. Адольфа Нікаласа, былога генеральнага настаяцеля Ордэна езуітаў, які канчаткова споўніў выкананне сваіх абавязкаў на гэтай пасадзе. 

У гаміліі Пантыфік спаслаўся на біблійнае апавяданне пра Каіна і Абэля (Быц 4,1-15. 25), у якім, упершыню на старонках Бібліі, ужываецца слова “брат”. Гэта гісторыя братэрства, якое павінна было расці, быць цудоўным, але закончылася трагедыяй. Папа нагадаў, што ўсё пачалося з “маленькай рэўнасці” Каіна, ахвяра якога не спадабалася Богу настолькі, наколькі ахвяра Абэля. Тады ён пачаў вырошчваць унутры сябе пачуццё зайздасці, што прывяло да забойства брата.

“Так расце варожасць і паміж намі: пачынаецца з дробязных рэчаў, рэўнасці, зайздрасці, а затым расце і мы пачынаем бачыць жыццё толькі з гэтай кропкі, і гэтая шчэпка становіцца для нас бервяном. Наша жыццё рухаецца вакол гэтага і гэта знішчае братэрскія сувязі, знішчае братэрства”, - сказаў Пантыфік.

Па словах Францішка, кепскія пачуцці трэба спыняць адразу ж, не дазваляць ім расці. “Гэты працэс павінен спыняцца неадкладна, на пачатку, пры першым пачуцці крыўды. Крыўдаваць – гэта не па-хрысціянску. Цярпець – так, а крыўдаваць – не! Нянавісць – гэта не хрысціянскае пачуцце”, - падкрэсліў Святы Айцец.

Папа нагадаў, што чалавека можна забіць абразамі, а таксама знішчыць ва ўласным сэрцы з дапамогай усяго толькі кепскіх думкак. На заканчэнне гаміліі Пантыфік заклікаў падумаць пра ўсіх людзей, якіх знішчаюць языком і тых, да каго адносяцца як да рэчаў, а не да братоў.








All the contents on this site are copyrighted ©.