2017-02-14 10:43:00

Прадстаўлены сімвалы візіту Пантыфіка ў Фаціму


13 лютага 2017 г. былі прадстаўлены афіцыйныя сімвалы візіту папы Францішка ў партугальскі марыйны санктуарый у Фаціме. Пілігрымка Святога Айца пройдзе 12-13 мая 2017 г. з нагоды 100-годдзя аб’яўлення тут Найсвяцейшай Панны Марыі.

У цэнтры яе лагатыпа змешчана выява ружанца, раскладзенага ў форме сэрца. Унутры напісаны словы: “Папа Францішак” і “Фаціма 2017”, а пад ружанцам змешчаны дэвіз падарожжа: “З Марыяй, пілігрым надзеі і міру”. 

У ніжняй частцы лагатыпу знаходзіцца стылізаваная выява фацімскага санктуарыя з датамі: 1917 і 2017, якія нагадваюць пра 100-гадовы юбілей.

Паводле аўтара лагатыпу, Франсіска Правідэнсы, ён выражае “дух міласэрнасці і міру", а таксама “прастату стылю і яснасць”, якія характарызуюць пантыфікат Святога Айца.

Папа Францішак стане чацвёртым Пантыфікам, які наведае марыйны санктуарый у Фаціме. Да яго тут былі: Павел VI, Ян Павел ІІ і Бэнэдыкт XVI. Афіцыйная праграма падарожжа яшчэ не была апублікавана.








All the contents on this site are copyrighted ©.