2017-02-14 13:51:00

Папа: адвага, малітва і пакора – рысы вялікіх місіянераў


Адвага, малітва і пакора з’яўляюцца адметнымі рысамі “вялікіх герольдаў”, якія дапамаглі Касцёлу пашырыцца ў свеце, падкрэсліў папа Францішак 14 лютага 2017 г. ва ўспамін святых Кірыла і Мятода, апекуноў Еўропы, падчас ранішняй Эўхарыстыі ў капліцы сваёй ватыканскай рэзідэнцыі.

У гаміліі Пантыфік заўважыў, што сёння існуе патрэба ў сейбітах Божага слова і місіянерах, каб фармаваць вернікаў, як гэта рабілі святыя Кірыл і Мятод – сведкі Бога, якія ўмацавалі Еўропу. 

Па словах Папы, Божае слова трэба несці з адвагай, а не ў якасці "прапановы" або "філасофскай ці этычнай ідэі". Асоба, якая не мае мае адвагі, “адвагі духоўнай, адвагі сардэчнай, асоба не закаханая ў Езуса – бо адсюль паходзіць адвага! – можа сказаць толькі нешта цікавае, нешта маральнае, нешта добрае, філантрапічнае, але пазбаўленае Божага слова”, лічыць Святы Айцец. 

Для плённай евангелізацыі таксама неабходна малітва. “Божае слова павінна абвяшчацца з малітвай. Заўсёды. Без малітвы, ты можаш правесці цудоўную канферэнцыю, прачытаць цудоўную лекцыю, але гэта не Божае слова. Толькі з сэрца, якое моліцца можа высці Божае слова”, - сказаў Пантыфік і дадаў, што трэба маліцца, каб Пан суправаджаў сеянне слова, "каб акрапіў зерне і яно прарасло".

Спасылаючыся на літургічны евангельскі ўрывак (Лк 10,1-9) Францішак заўважыў, што Бог пасылае сваіх вучняў, “як ягнят сярод ваўкоў”. “Сапраўдны прапаведнік гэта той, хто ведае, што слабы, хто ведае, што не можа абараніцца сам”, - сказаў ён і нагадаў словы св. Яна Хрызастома: “Калі не ідзеш, як ягня, але як воўк сярод ваўкоў, тады Пан цябе не бароніць: бараніся сам”. Калі прапаведнік лічыць сябе занадта разумным або хітрым, думаючы, што з лёгкасцю зможа “справіцца з людзьмі”, тады кепска закончыць, перакананы Францішак.

Менавіта па гэтай прычыне, па словах Святога Айца, “вялікія герольды Касцёла”, якія дапамаглі яму пашырыцца ў свеце, былі людзьмі адвагі, малітвы і пакоры. “Няхай святыя Кірыл і Мятод дапамагаюць нам абвяшчаць Божае слова згодна з тымі крытэрыямі, з якімі гэта рабілі яны”, - закончыў сваю гамілію Папа.








All the contents on this site are copyrighted ©.