2017-02-15 11:56:00

Папа: любоў Бога – фундамент хрысціянскай надзеі


Фундаментам хрысціянскай надзеі з’яўляецца любоў, якую Бог мае да кожнага з нас, падкрэсліў папа Францішак 15 лютага 2017 г. падчас агульнай аўдыенцыі ў Ватыкане. Святы Айцец адзначыў, што надзея, гэта надзвычайны дар, а вернікі пакліканы з пакорай і прастатой станавіцца яго “каналамі” для ўсіх. 

Каментуючы ўрывак з Паслання да Рымлянаў (Рым 5,1-5) Папа заўважыў, што апостал Павел двойчы заклікае ганарыцца. У першым выпадку – “багаццем ласкі, якой мы праз веру прасякнуты ў Езусе Хрысце”. “Павел жадае нам патлумачыць, што калі навучымся глядзець на ўсё ў святле Святога Духа зразумеем, што ўсё з’яўляецца ласкай! Усё з’яўляецца дарам! Калі ўважліва паглядзім на здарэнні – як у гісторыі, так і ў нашым жыцці – заўважым, што не толькі мы дзейнічаем, але дзейнічае таксама і Бог. Гэта Ён абсалютная галоўная дзеючая асоба, якая стварае ўсё як дар любові, якая пляце сюжэт сваёй задумы збаўлення і вядзе яго да спаўнення для нас праз свайго Сына Езуса. Ад нас патрабуецца распазнаць усё гэта, прыняць з удзячнасцю і зрабіць прычынай праслаўлення, благаслаўлення і вялікай радасці. Калі зробім так, будзем у міры з Богам і спазнаем свабоду. І гэты мір пашырыцца затым на ўсе сферы і ўсе адносіны нашага жыцця: будзем у міры з сабой, будзем у міры ў сям’і, у нашай супольнасці, на працы і з людзьмі, якіх штодзённа сустракаем на нашым шляху”, - сказаў Папа.

Святы Айцец заўважыў, што Павел заклікае ганарыцца таксама ўціскам. Гэта цяжка зразумець і здаецца, што не мае нічога супольнага з тым мірам, пра які толькі што ішла гаворка, але з’яўляецца яго самай праўдзівай і сапраўднай перадумовай, лічыць ён.

“Сапраўды, мір, які нам дае і забяспечвае Пан не павінен разумецца як адсутнасць турботаў, расчараванняў, нястачаў, прычын для пакутаў. Калі б так было, то ў выпадку, калі б у нас атрымалася прабываць у міры, гэты момант хутка б скончыўся і мы б непазбежна трапілі ў роспач. Мір жа, які выцякае з веры, з’яўляецца дарам: гэта ласка адчування таго, што Бог нас любіць і заўсёды знаходзіцца поруч, не пакідае саміх ні на хвіліну нашага жыцця. І гэта, як сцвярджае апостал, нараджае цярплівасць, бо ведаем, што нават у самыя цяжкія і ашаламляльныя моманты жыцця міласэрнасць і дабрыня Пана большыя за ўсё і нішто не можа нас вырваць з Ягоных рук і адзінства з Ім”, - падкрэсліў Папа.

Францішак адзначыў, што хрысціянская надзея з’яўляецца моцнай, а яе фундамент – любоў Бога да кожнага чалавека.

“Надзея, якую мы атрымалі не аддзяляе нас ад іншых і тым больш не вядзе да іх дыскрэдытацыі ці маргіналізацыі. Гаворка ідзе пра надзвычайны дар, “каналамі” якога мы з пакорай і прастатой пакліканы станавіцца для ўсіх. Тады нашым самым вялікім гонарам будзе тое, што маем як Айца Бога, які не аддае перавагаў, не адчужае нікога, але адкрывае свой дом усім людзям, пачынаючы з апошніх і далёкіх, каб як Ягоныя дзеці навучыліся суцяшаць і падтрымліваць адзін аднаго. І не забываце: надзея не расчаруе”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне агульнай аўдыенцыі Святы Айцец прывітаў прысутныя на ёй групы пілігрымаў і ўдзяліў прысутным сваё благаслаўленне.








All the contents on this site are copyrighted ©.