2017-02-15 10:28:00

Італьянскі францішканін правядзе рэкалекцыі для Папы


Сёлетнія велікапостныя рэкалецыі для Святога Айца і супрацоўнікаў Рымскай курыі пройдуць 5-10 сакавіка 2017 г. у мястэчку Арыча, прыкладна ў 30 км ад Рыма. Яны будуць прысвечаны тэме: “Мука, смерць і ўваскрасенне Езуса паводле св. Мацвея”. 

Правядзе духоўныя практыкаванні 53-гадовы італьянскі францішканін а. Джуліа Мікеліні – выкладчык Тэалагічнага інстытута ў Асізі, злучанага з Папскім латэранскім ўніверсітэтам, і галоўны рэдактар часопіса “Convivium Assisiense”. 

У праграме рэкалекцый прадугледжаны: малітва, медытацыі і разважанні, а таксама штодзённая Эўхарыстыя. У перыяд духоўных практыкаванняў будуць прыпынены ўсе аўдыенцыі і публічная дзейнасць Святога Айца.

Традыцыю рэкалекцыі ў Ватыкане ўвёў у 1929 г. папа Пій ХІ. Да часоў Паўла VI яны праходзілі толькі ў першы тыдзень Адвэнту, але не ў Вялікі пост. Менавіта гэты Пантыфік першы пачаў запрашаць для правядзення духоўных практыкаванняў іерархаў і тэолагаў, якія не належалі да Рымскай курыі.








All the contents on this site are copyrighted ©.