2017-02-16 11:49:00

У Ватыкане названы лаўрэаты “сацыяльнай” прэміі


Навуковец і два журналісты сталі сёлетнімі лаўрэатамі міжнароднай прэміі ватыканскага фонда “Centesimus Annus – Pro Pontifice” за дасягненні ў развіцці сацыяльнага вучэння Касцёла. Цырымонія яе ўручэнія пройдзе 18 мая 2017 г. у Рыме.

Узнагарода “Эканоміка і грамадства” прысуджана нямецкаму даследчыку Маркусу Вогту за кнігу “Прынцып устойлівасці. Праект з тэалагічнай і этычнай перспектывы” (Prinzip Nachhaltigkeit. Ein Entwurf aus theologisch-ethischer Perspektive).

Прафесар Вогт выкладае хрысціянскую сацыяльную этыку ў Мюнхенскім ўніверсітэце Людвіга-Максімільяна. У сваёй кнізе ён дэманструе наколькі прынцып устойлівасці з’яўляецца блізкім традыцыйнай эканоміцы. З перспектывы этыкі, тэалогіі, сацыялогіі, паліталогіі і іншых навук ён паказаў узаемазалежнаць паміж трыма аспектамі чалавечага жыцця: эканомікай, экалогіяй і сацыяльным вымярэннем. 

Паводле даследчыка, эканоміка не можа развівацца без здаровага навакольнага асяроддзя і без вырашэння праблемы беднасці. У сваю чаргу нельга захаваць асяроддзе без добра функцыянуючай эканомікі і не даючы ўсім людзям магчымасці для рэалізацыі сваіх дароў, а таксама немагчыма вырашыць праблему беднасці без моцнай эканомікі і належнага клопату пра экалогію, перакананы ён.

Спецыяльнымі прэміямі фонда таксама адзначаны два журналісты: Буркхард Шаферс з Германіі за цыкл радыёперадач аб нямецкім езуіце кс. Освальдзе фон Нэль-Бройнінге, эксперце ў сацыяльным вучэнні Касцёла, які адыграў ключавую ролю ў рэдагаванні энцыклікі Пія XI “Quadragesimo anno”, і законнік з кангрэгацыі Аўгустыніянаў Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі а. Дамінік Грэне з Францыі, за блог аб сацыяльным вучэнні Касцёла на сайце газеты “La Croix”.

Фонд “Centesimus Annus – Pro Pontifice” быў заснаваны св. Янам Паўлам ІІ у 1993 г. з мэтай садзейнічання пашырэнню ведаў аб сацыяльным навучанні Касцёла і яго рэалізацыі ў палітычнай і эканамічнай сферах.








All the contents on this site are copyrighted ©.