cацыяльныя сеткі:

RSS:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Касцёл \ Касцёл у Беларусі

Беларускіх святароў-асветнікаў узгадалі ў Рыме

Беларускіх святароў-асветнікаў узгадалі ў Рыме

17/02/2017 12:01

Беларускіх святароў-асветнікаў узгадалі ў Вечным горадзе. У рымскай базыліцы св. Клемента адбылася Эўхарыстыя, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі славянскіх папскіх калегіумаў. Нагодай стаў успамін св. Кірыла і св. Мятода, які адзначаецца ў Каталіцкім Касцёле 14 лютага. 

Цэлебравалі літургію высокія іерархі славянскага паходжання: кардынал Юзаф Томка, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі Евангелізацыі Народаў, кардынал Франц Родэ, прэфект на пенсіі Кангрэгацыі па справах Інстытутаў кансэкраванага жыцця і Таварыстваў апостальскага жыцця і архіепіскап Кірыл Васіль, сакратар Кангрэгацыі па справах Усходніх Касцёлаў. Прынялі ўдзел у Імшы таксама: Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек і іераманах Лявонцій Тумоўскі. 

Пасля Эўхарыстыі прайшла дыскусія аб жыцці мясцовых Касцёлаў ва Усходняй Еўропе і актуальнасці спадчыны апосталаў славянскіх народаў. Падчас яе архімандрыт Сяргей нагадаў, што на беларускіх землях справу св. Кірыла і св. Мятода працягнуў Францішак Скарына, праз выданне Бібліі на беларускай мове і менавіта сёлета адзначаецца 500-годдзе гэтай падзеі.

У каментары для Ватыканскага радыё ён заўважыў, што значны ўклад у папулярызацыю постаці Скарыны на Захадзе ў пасляваенны перыяд зрабіў біскуп Часлаў Сіповіч, былы генеральны настаяцель Ордэна марыянаў. 

“Ён яшчэ ў далёкім 1967 г. як раз тут, у Рыме, займаўся папулярызацыяй постаці Францішка Скарыны. Адзін з першых тэкстаў пра Скарыну, які можна назваць і навуковым і пастырскім, біскуп Сіповіч напісаў як раз на італьянскай мове ў той час. Гэта азначае практычна, што ў асяроддзі славянскіх хрысціян у Рыме і не толькі, сведчанні і актыўнасць беларускіх тэолагаў займае важнае месца”, - лічыць архімандрыт.

Айцец Сяргей Гаек адзначыў, што евангелізацыйную справу св. Кірыла і св. Мятода на працягу ХХ ст. працягвалі многія беларускія святары-асветнікі. Сярод іх такія выбітныя пастыры, тэолагі і грамадскія дзеячы, як а. Андрэй Цікота і а. Язэп Рэшаць, успамін смерці якіх адзначаўся некалькі дзён таму.

“11 лютага быў дзень смерці айца Цікоты, а 15 лютага – дзень смерці айца Рэшаця. Айцец Язэп Рэшаць быў адным з першых беларусаў, які стаў студэнтам Папскага ўсходняга інстытута. Ужо ў той час беларусы былі тут прысутныя. Яны ўдзельнічалі таксама ў так званых Уніяцкіх кангрэсах у Веліградзе, у Чэхаславакіі. Гэта быў экуменічны форум і прысутнасць беларусаў на ім была знакам пошуку актуальнасці спадчыны св. Кірыла і св. Мятода для Беларусі, у складаны міжваенны час”, - распавёў Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

Сустрэчы прадстаўнікоў славянскіх папскіх калегіумаў з нагоды ўспаміну св. Кірыла і св. Мятода праходзяць ў Рыме штогадова. Месцам іх правядзення традыцыйна з’яўляецца базыліка св. Клемента, бо менавіта тут пахаваны адзін з двух братоў-місіянераў, св. Кірыл. 


17/02/2017 12:01