cацыяльныя сеткі:

RSS:

App:

Ватыканскае радыё

Голас Папы і Касцёла ў дыялогу са светам

Старонкі іншых рэдакцый:

Пантыфік \ Сустрэчы і падзеі

Францішак: універсітэт павінен быць месцам дыялогу

Францішак: універсітэт павінен быць месцам дыялогу - ANSA

17/02/2017 13:53

Францішак перакананы, што ўніверсітэт павінен быць месцам дыялогу. Аб гэтым Святы Айцец заявіў 17 лютага 2017 г. падчас візіту ў рымскі ўніверсітэт “Roma Tre”. Пантыфік сустрэўся з выкладчыкамі і студэнтамі і адказаў на чатыры пытанні, якія тычыліся праблемы пашырэння насілля, ролі ўніверсітэта ў жыцці горада, укладу студэнтаў у глабалізаваны свет і страху еўрапейскага грамадства перад мігрантамі.

Каментуючы праблему пашырэння гвалтоўнасці ў сучасным свеце Францішак адзначыў, што насілле пранікла ў стыль штодзённай камунікацыі паміж людзьмі, якія “часам забываюць нават вітацца”. Пантыфік нагадаў, што ўсе войны пачынаюцца ў сэрцах людзей. “Трэба крыху суцішыць тон, казаць менш, а слухаць больш”, - лічыць Папа.

Важным таксама з’яўляецца дыялог. “Калі я няздольны адкрыцца на іншага, паважаць іншага, размаўляць з іншымі, весці дыялог з іншымі, тады пачынаецца вайна”, - падкрэсліў ён і дадаў, што ўніверсітэт павінен быць месцам дыялогу. У ім павінны паважацца разнастайнасці, насуперак пануючай “глабалізацыі ўніфікацыі”. 

Святы Айцец закрануў тэму “ліквіднасці” сучаснага грамадства. Выклік заключаецца ў тым, каб перамяніць яе ў канкрэтнасць, у тым ліку ў эканоміцы, якая больш не дае “канкрэтнай працы” моладзі. Наступствы гэтага драматычныя: залежнасці, самагубствы, далучэнне да тэрарыстычных груповак. 

Гаворачы аб міграцыйнай праблеме, Францішак нагадаў, што яна з’яўляецца выклікам, які можа дапамагчы вырасці. Ідэальным 
выйсцем з існуючай сітуацыі ён назваў спыненне войнаў і голаду і інвеставанне ў тыя краіны, з якіх уцякаюць людзі. Але таксама важная гасціннасць, інтэграцыя і культурны абмен з бежанцамі, бо ў адваротным выпадку ствараюцца адмысловыя мігранцкія "гета". Папа нагадаў, што менавіта з такіх неінтэграваных асяродкаў паходзілі ісламісты, якія ўчынілі нядаўнія тэракты ў Францыі.

“Roma Tre” (Università degli Studi Roma Tre) з’яўляецца італьянскім дзяржаўным навукова-даследчым універсітэтам. Ён быў заснаваны ў 1992 г. Міністэрствам адукацыі па ініцыятыве некалькіх прафесараў рымскага ўніверсітэта “Sapienza” і стаў трэцім дзяржаўным універсітэтам у італьянскай сталіцы. “Roma Tre” прапануе дванаццаць навуковых кірункаў: ад філасофіі і архітэктуры да эканомікі і паліталогіі. Тут навучаюцца каля 35 тыс. студэнтаў.


17/02/2017 13:53