2017-02-18 09:59:00

Беларусь: новыя формы евангелізацыі ў інтэрнэце


Відэа-блог або влог – гэты від аповеду пра сваё жыццё цяпер імкліва набірае папулярнасць. Школьнікі, моладзь і дарослыя здымаюць кароткія ролікі пра свае будні і святы. Многія відэа пра тое, як нехта ходзіць у школу, на працу, танчыць або проста гуляе набіраюць дзесяткі і сотні тысяч праглядаў. Паставіць эксперымент: а ці запатрабаваны хрысціянскі влог, ці стане ён папулярным, вырашылі гомельскія католікі. І таксама расказаць сучаснай моладзі пра хрысціянства і каталіцкую супольнасць у такой простай, даступнай, зразумелай форме.

Украінскі спецыяліст у IT-сферы Уладзіслаў Плаксій пракаментаваў Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё з’яўленне каталіцкага влога ў Беларусі. Паводле яго, хрысціянскія відэа-блогі, якія раней з’яўляліся на “Youtube”, былі накіраваныя на парафіянаў, тых, хто ўжо наведвае храм, а влог гомельскіх католікаў адметны тым, што мае сярод мэтавай аўдыторыі людзей, якія мала знаёмыя з Касцёлам.

“Влог вядзе свецкі, такі ж чалавек, як і я, і паказвае жыццё хрысціянаў з пункту гледжання людзей, якія жывуць звычайным жыццём. Калі аўдыторыя святароў – гэта людзі, якія стала наведваюць святыні, то влог, які вядзе свецкі, цікавы тым, што паказвае паўсядзённае жыццё верніка, тое, як ён сумяшчае свае будзённыя абавязкі з прынцыпамі веры. Перспектывы влога залежаць ад таго, наколькі будзе атрымлівацца адказваць тым патрэбам, якія ёсць у мэтавай аўдыторыі, але з пункту гледжання асветы такія влогі дакладна карысныя”, - упэўнены эксперт.

У чым сакрэт папулярнасці влогаў, Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё пракаментаваў старшы выкладчык кампутарнай акадэміі “Шаг” у Гомелі Уладзіслаў Церашэнкаў. “Влог – гэта спалучэнне двух слоў “відэа” і “блог”. Вызначаных правіл у стварэнні влогаў няма, усё залежыць ад трэндаў, якія ўвесь час змяняюцца. Сёння трэнд – гэта “зрабі сваімі рукамі”, заўтра – гэта “стрым”, паслязаўтра – нешта іншае. Людзям цікава нешта новае, і калі аўдыторыя аднаго з каналаў насычаецца пэўнай тэмай, яна стараецца пераключыцца на штосьці свежае, новае. “Youtube” – гэта тая пляцоўка, дзе людзі імкнуцца здзіўляць, таму тыя блогеры, якія спрабуюць зрабіць тое ж, што ўжо ёсць у некага, не становяцца папулярнымі. На грэбні хвалі, у авангардзе, як правіла, толькі тыя, хто прыдумляе нешта сваё, з разыначкай. Новае заўсёды ўражвае, заўсёды прыцягвае”, - сказаў эксперт.

Чаму людзі сталі менш чытаць – тыя ж класічныя блогі, а больш глядзець? Спецыяліст тлумачыць гэта тым, што гукавы шэраг і відэашэраг лягчэй успрымаюцца: “Калі сучасны чалавек адкрывае старонку сайта і бачыць там шмат тэксту, ён чытае толькі загаловак і пару абзацаў. А ў відэа-блогах інфармацыя падаецца вельмі актыўна, хутка, сціснута, таму людзям лягчэй атрымліваць яе праз такі спосаб. І калі казаць аб сучаснай моладзі, то прасцей за ўсё ёй данесці інфармацыю менавіта праз фармат відэа, у манеры зносін”.

Многім вядомыя прыклады папулярных влогаў, якія вядуць святары. Напрыклад, “Лангуста на пальме” польскага дамінікакніна Адама Шустака, відэа-блогі якога збіраюць дзесяткі і нават сотні тысяч праглядаў. Але гомельскія католікі, магчыма, сталі першымі са свецкіх вернікаў, хто пачаў развіваць ідэю хрысціянскага влога. Тысячу праглядаў разам ужо набралі два першых роліка – аб тым, як праходзіць імша ў касцёле, і як прымаць дома святара з душпастырскім візітам. Цяпер гомельскія вернікі шукаюць новыя тэмы для влогаў, а таксама плануюць пачаць “стрымы” – жывыя эфіры – са св. Імшы.

Павел Міцкевіч, Пінская дыяцэзія.








All the contents on this site are copyrighted ©.