2017-02-18 11:06:00

Ватыканская дыпламатыя чэрпае сілы з Евангелля


“У чым розніца паміж папскай дыпламатыяй і той, што вядзе свецкая дзяржава?”, - запыталіся Дзяржаўнага сакратара Яго Святасці Папы ў інтэрв’ю французскаму вэб-парталу “Famille Chrétienne”.

“Папская дыпламатыя, - адказаў кардынал Паралін - чэрпае свае сілы, перш за ўсё, з Евангелля. Імкнецца да садзейнічання дасягненню справядлівасці і згоды паміж народамі, з дапамогай інструментаў, уласцівых міжнароднаму праву ў святле канкрэтнай духоўнай місіі, якую мае Касцёл. Дзейнасць Апостальскай Сталіцы ў асноўным накіравана на ўмацаванне міру і садзейнічанне ўсебаковаму развіццю чалавека з павагай да годнасці кожнага і яго асноўных правоў, першым з якіх з’яўляецца свабода веравызнання”, - сказаў іерарх. Ён адзначыў, што сярод папскіх дыпламатаў былі святыя, як напрыклад, папа Ян XXIII, ранейшы нунцый у Францыі. Працягваецца працэс кананізацыі кс. Джузэпэ Канаваі, супрацоўніка Апостальскай нунцыятуры ў Аргентыне, які памёр ў 1942 г.

Адно з пытанняў, скіраваных да кардынала Дзяржсакратара, было звязана з узброеным канфліктам ва Украіне. Галоўны папскі дыпламат сказаў, што ён з’яўляецца выразам “адсутнасці павагі да міжнароднага права”. Гэта прывяло да шматлікіх смяротных ахвяр, балесна закранае ўсё насельніцтва краіны, выклікаючы сур’ёзныя наступствы на ўсіх узроўнях. Святы Пасад пастаянна заклікае да поўнага захавання рэжыму спынення агню і забеспячэння гуманітарнай дапамогай пацярпелых. 

Акрамя таго, кардынал Паралін у інтэрв’ю закрануў такія пытанні, як асуджэнне папам Францішкам гандлю зброяй, які спрыяе распаўсюджванню тэрарызму. На пытанне аб адносінах Святога Пасаду з Кітаем, іерарх прызнаў, што намаганні па збліжэнні, якія прадпрымаюцца ўжо доўгі час, перажываюць лепшыя і горшыя моманты. Ён выказаў надзею на тое, што пры наяўнасці добрай волі з абодвух бакоў будуць дасягнуты станоўчыя вынікі.








All the contents on this site are copyrighted ©.