2017-02-18 13:57:00

Францішак да марыянаў: да канца служыць Касцёлу і чалавеку


Рухацца наперад з новымі патрэбамі, новымі выклікамі, але і гістарычнай памяццю, заклікаў папа Францішак 18 лютага 2017 г. удзельнікаў генеральнага капітулу Кангрэгацыі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сёння кожны з манаскіх інстытутаў патрабуе “абноўленага выкладання рэгулы” ў вернасці харызмату заснавальніка і сваёй духоўнай спадчыне, падкрэсліў Пантыфік, спасылаючыся на прававую накіраванасць сёлетняга капітула.

Святы Айцец звярнуў увагу на постаць заснавальніка марыянаў, св. Станіслава ад Езуса і Марыі, і нагадаў што служэнне самым бедным заўсёды характарызавала яго духоўных сыноў. “Я заклікаю вас, захаваць гэтую традыцыю служэння бедным і простым людзям праз абвяшчэнне Евангелля на мове, якую яны разумеюць, са справамі міласэрнасці і малітвай за памерлых”, - сказаў Папа. 

Ён узгадаў благаслаўлёнага Юрыя Матулевіча, адраджальніка кангрэгацыі, і заклікаў марыянаў жыць яго ідэаламі: цалкам прысвячаць сябе служэнню Касцёлу і чалавеку.

Пантыфік заклікаў марыянаў ісці апостальскімі шляхамі і пераадольваць місійныя межы, і рабіць гэта ў “цесным супрацоўніцтве з біскупамі” і “іншымі складаючымі касцёльнай супольнасці”, паколькі “вялікі выклік інкультурацыі заклікае сёння да абвяшчэння Добрай Навіны мовай і спосабамі, зразумелымі людзям нашага часу, уцягнутым у хуткія працэсы сацыяльных і культурных пераўтварэнняў”.

“Генетычным кодам” марыянаў Францішак назваў перакананне, што вялікія мэты асягаюцца сціплымі, паводле чалавечага меркавання, сродкамі. Св. Станіслаў гаварыў, што нягледзячы на шматлікія цяжкасці, Боская дабрыня і мудрасць пачне рабіць тое, што трэба, нават тады, калі сродкі здаюцца недарэчнымі.

Папа даверыў манаскую кангрэгацыю, яе шлях веры і росту, заступніцву Беззаганнай.








All the contents on this site are copyrighted ©.