2017-02-19 14:04:00

Папа падчас “Анёл Панскі”: помста – не для хрысціяніна


Аб поўнай неадпаведнасці помсты хрысціянскай логіцы ў вырашэнні канфліктаў, нагадаў папа Францішак 19 лютага 2017 г. падчас нядзельнай сустрэчы з вернікамі на малітве “Анёл Панскі” ў Ватыкане. Прычым, хрысціян мае права дамагацца справядлівасці, аднак, не метадам рэваншу, нянавісці і насілля.

“У Евангеллі гэтай нядзелі (Мц 5,38- 48) - адной з тых старонак, якія найлепшым чынам адлюстроўваюць “хрысціянскую рэвалюцыю” - Езус паказвае шлях сапраўднай справядлівасці праз закон любові, які перавышае закон адплаты, гэта значыць “вока за вока і зуб за зуб”, - звярнуў увагу Папа. - Гэты старажытны прынцып прымушаў ужываць у адносінах да злачынцаў кару, адпаведную шкодзе: смерць для тых, хто забівае, ампутацыю, для тых, хто некага параніў, і гэтак далей. Езус не кажа сваім вучням цярпець зла, але па-сапраўднаму рэагаваць на яго, толькі не праз іншае зло, але праз дабро. Дастаткова разарваць ланцуг зла і сапраўды змяніць становішча рэчаў. Толькі такім чынам перапыняецца спіраль зла, і так сітуацыя сапраўды мяняецца. Зло ёсць, па сутнасці, “адсутнасцю” дабра, і не можна запоўніць пустэчу іншай пустэчай, але выключна “поўняй”, гэта значыць дабром. Помста ніколі не прыводзіць да вырашэння канфліктаў. Ты зрабіў мне балюча, і я адплачу. Такі падыход ніколі не вырашае канфлікту, і не з’яўляецца хрысціянскім.

Для Езуса, адмова ад насілля можа таксама ўключаць і адмову ад таго, на што мы маем права. Ён дае некалькі такіх прыкладаў: падставіць іншую шчаку, адмовіцца ад свайго плашчу або грошай, згадзіцца на адмову ад іншых рэчаў (Мц 5,39- 42). Але гэтая адмова не азначае, што трэба не звяртаць увагі або адмовіцца ад патрабавання справядлівасці. Насупраць, хрысціянская любоў, якая праяўляецца асабліва ў міласэрнасці, з’яўляецца больш дасканалай рэалізацыяй справядлівасці. 

Езус хоча навучыць нас правесці выразнае адрозненне паміж справядлівасцю і помстай, адрозніваць справядлівасць ад помсты. Помста ніколі не бывае справядлівай. Мы павінны дамагацца справядлівасці. Наш абавязак – рэалізацыя справядлівасці. Аднак, нам нельга помсціць або якім-небудзь чынам падбухторваць да помсты, як выразу нянавісці і насілля.

Езус не мае намеру прапанаваць новы грамадскі парадак. Ён дае запаведзь любові да бліжняга, якая таксама ўключае ў сябе любоў да ворагаў: “Любіце ворагаў вашых і маліцеся за тых, хто пераследуе вас” (Мц 5,44). Гэтыя словы не варта тлумачыць як адабрэнне зла, здзейсненага ворагам, але як стымул для больш дасканалай, шчодрай перспектывы, падобнай да Нябеснага Айца, Які “загадвае сонцу свайму ўзыходзіць над дрэннымі і добрымі і пасылае дождж на справядлівых і несправядлівых” (Мц 5,45). Бо і вораг з’яўляецца чалавечай асобай, створанай на вобраз Божы, хоць на дадзены момант і азмрочаны ганебнымі паводзінамі.

Калі гаворым пра ворагаў, мы не павінны думаць пра нейкіх адрозных і далёкіх ад нас людзей. Мы кажам пра сябе, таму што і мы можам уступіць у канфлікт з нашым бліжнім, часам нашымі сваякамі. Колькі варожасці ўзнікае ў сямейных адносінах! Непрыяцелямі з’яўляюцца таксама і тыя, хто кажа дрэнна пра нас, хто ганіць нас і прычыняе нам шкоду. І не лёгка гэта знесці. Мы пакліканы адказаць на ўсё гэта дабром, якое таксама мае свае ўласныя стратэгіі, натхнёныя любоўю.

Няхай Дзева Марыя дапаможа нам наследаваць Езуса на гэтым складаным шляху, які сапраўды ўзвышае чалавечую годнасць, і дазваляе нам жыць, як дзеці нашага Айца, Які на нябёсах. Няхай Яна дапаможа нам практыкаваць цярпенне, дыялог, прабачэнне і, такім чынам, быць будаўнікамі камуніі і братэрства ў нашым паўсядзённым жыцці, асабліва ў нашай сям’і”, - сказаў Пантыфік.

На заканчэнне сваёй нядзельнай сутрэчы з вернікамі Францішак прывітаў сем’і, касцёльныя групы і асацыяцыі, пілігрымаў з Італіі і з усяго свету, якія прыбылі на плошчу св. Пятра для малітвы з ім.








All the contents on this site are copyrighted ©.