2017-02-20 13:08:00

Святы Айцец адправіцца ў Геную з аднадзённым візітам


Апублікавана афіцыйная праграма аднадзённага візіту Францішка ў Геную. Ён пройдзе 27 мая 2017 г. Гэты італьянскі партовы горад двойчы наведаў Ян Павел II у 1985 г. і ў 1990 г., а ў 2008 г. тут быў Бэнэдыкт XVI.

Цэнтральным пунктам візіту стане Эўхарыстыя, на якую мясцовы пастыр, кардынал Анджэла Баньяска ў спецыяльным пасланні запрасіў усіх генуэзцаў, а таксама вернікаў лігурыйскага касцёльнага рэгіёну. Праграма прадугледжвае шэраг сустрэч з прадстаўнікамі груп вернікаў, біскупамі, святарамі, кансэкраванымі асобамі і семінарыстамі. Пантыфік сустрэнецца і з маладымі людзьмі, якія ўдзельнічаюць ў евангелізацыі гарадоў. Ужо па традыцыі, ён паабедае з беднымі і эмігрантамі, а таксама завітае ў госці да хворых дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў мясцовым педыятрычным шпіталі.

Папскі візіт умацуе мясцовых католікаў у веры Хрыстовай і ў місійным запале, абудзіць сілы для служэння агульнаму дабру, падтрымае тых, хто самааддана служыць патрабуючым, прынясе суцяшэнне і падтрымку пажылым людзям і хворым, мабілізуе маладых людзей да годнага жыцця, спадзяецца арцыбіскуп Генуі, кардынал Анджэла Баньяска. 








All the contents on this site are copyrighted ©.