2017-02-21 11:44:00

Пантыфіка рэгулярна інфармуюць пра сітуацыю ва Украіне


Першым, ад чаго пакутуюць жыхары ўсходняй часткі Украіны, з’яўляецца маўчанне міжнароднай супольнасці аб іх становішчы, сказаў Апостальскі нунцый у Кіеве пасля вяртання з зоны ваенных дзеянняў. Арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці знаходзіўся там 14 і 15 лютага 2017 г., разам з біскупам Янам Сабілам, каардынатарам гуманітарнай ініцыятывы “Папа для Украіны”.

Іерархі наведалі горад Аўдзееўка, які ўжо некалькі тыдняў знаходзіцца пад абстрэламі, і дзяцей, эвакуіраваных адтуль да Святагорска. Ім нічога не пагражае і яны, здаецца, вонкава спакойныя, але яшчэ занадта рана казаць пра траўмы, якія могуць выявіцца ў выніку перажытага імі, сказаў нунцый ва Украіне ў інтэрв’ю італьянскаму каталіцкаму агенцтву “SIR”.

Арцыбіскуп Гуджэроцці адзначыў, што ў раёнах канфлікту людзі жывуць ужо больш за два гады ў вельмі нервовай сітуацыі. Сем’і падзелены, іх члены былі перамешчаны ў розныя месцы. Існуе недахоп ежы, трываюць маразы, пажылыя людзі і хворыя не могуць пакінуць свае дамы. Адна настаўніца папрасіла нунцыя: “Калі ласка, скажыце Папу, каб ён зрабіў усё магчымае для вызвалення нас ад гэтай бессэнсоўнай, непатрэбнай вайны”. Нунцый запэўніў яе ў малітве католікаў і асабістым клопаце Францішка аб гуманітарнай дапамозе. Арцыбіскуп пастаянна інфармуе яго па тэлефоне і ў пісьмовай форме аб сітуацыі ва Украіне.

З сабраных у касцёлах Еўропы 16 млн еўра за апошні час было выдзелена 200 тыс. на самую тэрміновую дапамогу, асабліва для сем’яў з дзецьмі і псіхолага-педагагічную дапамогу дзецям, а таксама на аднаўленне пашкоджаных будынкаў, асабліва школ. 

Арцыбіскуп Гуджэроцці патрабуе ад міжнароднай супольнасці забеспечыць, каб рашэнні і пагадненні, прынятыя па канфлікце ва ўсходняй Украіне былі рэалізаваныя.








All the contents on this site are copyrighted ©.