2017-02-21 15:00:00

Папа: прыняцце мігрантаў – маральны імператыў


Разам з правам на міграцыю павінна гарантавацца права на тое, каб яна не была вымушанай, сцвердзіў папа Францішак 21 лютага 2017 г. падчас аўдыенцыі для ўдзельнікаў IV Міжнароднага форума “Міграцыя і мір”, які праходзіць у Рыме. Адным з арганізатараў сустрэчы з’яўляецца ватыканская Дыкастэрыя па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.

У сваёй прамове Пантыфік заўважыў, што адчужэнню мігрантаў, якому садзейнічае эгаізм і папулісцкая дэмагогія, трэба супрацьставіць барацьбу з абыякавасцю і шчырую гасціннасць. “Для тых, хто ўцякае ад войнаў і жудасных ганенняў і часта трапляе ў лапы бессаромных злачынных арганізацый, неабходна адкрыць даступныя і бяспечныя гуманітарныя калідоры”, - падкрэсліў Папа.

Святы Айцец назваў абарону мігрантаў маральным імператывам, які павінен знаходзіць адлюстраванне ў ясных і належных міжнародных і нацыяльнальных прававых інструментах. Пантыфік адзначыў, што права на развіццё належыць кожнаму чалавеку і заклікаў гарантаваць людзям права мець ва ўласнай радзіме ўмовы, якія дазволяць годную самарэалізацыю. Гаворачы пра інтэграцыю, Папа падкрэсліў, што яна з’яўляецца працэсам, які грунтуецца на ўзаемным прызнанні багацця культуры іншага. 

Францішак нагадаў пра непрымальную сітуацыю, пры якой палова рэсурсаў зямлі кантралюецца невялікай групай людзей. “Не могуць асобы і цэлыя народы мець права толькі на збіранне рэштак”, - сказаў ён. Па словах Пантыфіка, справядлівасць азначае прымірэнне гісторыі з глабалізаванай сучаснасцю, без ўвекавечвання логікі эксплуатацыі людзей і тэрыторый, што адпавядае самаму цынічнаму выкарыстанню рынка, дзеля ўмацавання дабрабыту нямногіх”.








All the contents on this site are copyrighted ©.