2017-02-21 11:14:00

Францішак размаўляў з чылійскім епіскапатам


Папа працягвае прымаць біскупаў, якія прыбываюць у Рым з візітамі “ad limina Apostolorum”. 20 лютага 2017 г. ён сустрэўся з чылійскім епіскапатам. Францішак правёў на размове з іерархамі каля трох гадзін, абмяркоўваючы праблемы мясцовага Касцёла. Асаблівы акцэнт ён зрабіў на душпастырстве сем’яў і абароне маладога пакалення. 

Падрабязнасцямі сустрэчы з Францішкам падзяліўся кардынал Рыкарда Эсаці Андрэльё, арцыбіскуп Сант’яга-дэ-Чылі. “Мы гаварылі пра канкрэтныя праблемы грамадства, схільнага да секулярызацыі. Мы задаваліся пытаннем, як весці евангелізацыю сярод людзей няверуючых, але адкрытых для прапаведвання Касцёла. Мы размаўлялі пра радасці і пакуты. Наша радасць, гэта, напрыклад, моцная народная пабожнасць, адданасць Божай Маці і святым. Гэта неверагодна. Культ Маці Божай Шкаплернай паўсюдны, ад пустыні на поўначы да антарктычных рэгіёнаў на крайнім поўдні. Калі мы размаўлялі аб душпастырскім клопаце пра моладзь, Папа звярнуў увагу на неабходнасць слухаць маладых людзей. Трэба ісці з імі, - сказаў ён, - слухаць іх, а таксама абвяшчаць навізну Езуса Хрыста”, - сказаў кардынал Эсаці Андрэльё.

Папа аднавіў сустрэчы з мясцовымі епіскапатамі ў рамках візітаў “аd limina Apostolorum” у пачатку 2017 г. Яны былі прыпынены на перыяд правядзення Надзвычайнага Юбілейнага Года Міласэрнасці, які праходзіў у Каталіцкім Касцёле з 8 снежня 2015 г. па 20 лістапада 2016 г.

Сёння Каталіцкі Касцёл у Чылі складаецца з 24 дыяцэзій, адной тэрытарыяльнай прэлатуры, аднаго апостальскага вікарыята і вайсковага ардынарыята, у якія разам уваходзяць каля 1 тыс. парафій. Каля 11 млн чылійцаў лічаць сябе католікамі, гэта каля 70% ад агульнай колькасці насельніцтва.








All the contents on this site are copyrighted ©.